Віталь Воранаў: “Чаму не пазычыць тое, што прыгожае?!”

Сёлета на Глыбоччыне з 3 па 5 мая ў трэці раз прайшоў Міжнародны фэст дударскіх рэгіёнаў “Дударскі рэй”.

Стала ўжо добрай традыцыяй, што заканчваецца ён у нядзелю ў ўдзельскім храме. Мы спыталі ў галоўнага арганізатара фэсту Віталя Воранава, адкуль узнікла гэта традыцыя.

– Я падгледзеў гэтую ідэю на іншых дударскіх фэстах у Польшчы і Славакіі. Калі там адбываецца дударскі фэст, то апошні яго дзень прыпадае на нядзелю. Таму заканчваецца ўсё службай у касцёле.

У нас гэта быў даволі новы нетыповы звычай, асабліва нечаканы для дударскага асяроддзя. Але, даследуючы гістарычныя крыніцы, удалося знайсці звесткі пра тое, што недзе ва ўніяцкай царкве быў такі час, калі замест арганаў гучала якраз беларуская дуда. Так што і ў нашай гісторыі такая практыка была.

Дык чаму не ўзяць тое, што прыгожае, і аб’яднаць вось гэту выдатную акустыку касцёла, асабліва гэтую неверагодную акустыку ўдзельскага храма, з народнай музыкай, з нацыянальнымі інструментамі, з касцюмамі? Гэта ўсё насамрэч прыгожа, урачыста, і калі маем блаславенне айцоў-францішканаў, то мы з вялікім задавальненнем сюды прыязджаем. Сёлета ўжо ў трэці раз прыехалі ў гэтую святыню, каб іграць падчас набажэнства.

На Імшы гучаць касцельныя песні і спевы, а ўжо пасля заканчэння службы і блаславення музыканты даюць невялікі канцэрт, прадстаўляючы сваю дударскую традыцыю, свой рэгіён. І заўсёды гэта заканчваецца тым, што музыкі ўрачыста выходзяць пад гукі сваёй музыкі. Дарэчы, парафіяне Удзельскай парафіі вельмі цёпла прымаюць усіх гасцей, аддаюць ім даніну павагі, заўсёды ўстаюць, каб з апладысментамі праводзіць музыкантаў з касцёла. Таму гэта такая прыгожая, узнёслая падзея, якая дазваляе адпачыць, задумацца над вечным пасля гуляння, забаваў, няспынных канцэртаў і весялосці.

***

Віталь Воранаў – беларускі перакладчык, літаратар, выдавец, публіцыст і ўніверсітэцкі выкладчык. У 1996 годзе ў 12-і гадовым узросце ён пераехаў разам з бацькамі ў Польшчу. Жыве ў Познані, выкладае ва ўніверсітэце, перакладае з чэшскай, польскай і англійскай моваў. У 2017 годзе арганізаваў у Глыбокім першы “Дударскі фэст”, які сёлета прайшоў у трэці раз.

 Зміцер Лупач, тэкст і фота

для друку для друку