Вірусы і душа, або Яшчэ адзін роздум пра здароўе

21“І з намаганнем адкрываем рэчывы гэтае зямлі, і з цяжкасцю разумеем тое, што пад рукамі….” (Мудр. 9:16).

Божы Провід

Чалавек не блукае па свеце ў адзіноце. Бог кіруе і ўзаемадзейнічае з вянцом свайго тварэння. Гэты працэс няспынна разгортваецца і ў жыцці канкрэтнай асобы, і ў гісторыі ўсяго чалавецтва. Сярод паняццяў, што выкарыстоўваюцца для апісання гэтага працэсу, ключавым з’яўляецца Providentia, або па-беларуску – Провід.

Не будзе памылкаю Провід уяўляць проста як падказку ці бацькоўскае навучанне або перасцярогу: “вярніцеся з ліхіх шляхоў вашых і захоўвайце наказы Мае…” (4 Вал. 17:13).

У цяжкія моманты жыцця мы спадзяёмся на падказкі, якія дапамагаюць рабіць правільны выбар. Але ў якой форме яны адбываюцца, адкуль іх чакаць? Ці заўсёды гэта знакі з нябёсаў? А можа, гэта простыя штодзённыя з’явы, якія ў прамым сэнсе ў нас “пад рукамі” ці нават у нас саміх?

У чалавечым целе больш мікраарганізмаў, чым клетак

Чалавек не самотны ні ў духоўным, ні ў біялагічным сэнсе. Бывае неяк няёмка ўзгадваць аб тых стварэннях, якія жывуць пад абалонкаю нашага цела. Іх многа, і называюць іх па-рознаму (за язык цягне сказаць, што “…імя ім легіён”).  Гаворка ідзе аб тых мікраарганізмах, вірусах і паразітах, якія прыжыліся і выконваюць пэўныя функцыі ў нашых сістэмах і органах. Хтосьці з навукоўцаў прапануе вымяраць іх у кілаграмах, іншыя вызначаюць шырокую відавую разнастайнасць, але найбольш уражваюць колькасныя падлікі: агульная колькасць мікраарганізмаў у арганізме чалавека дасягае 1014 — 1015 мікробных цельцаў, што на 1-2 парадку больш чым саміх клетак чалавечага арганізму (Богадельников, Крюгер, 2012).

Не варта браць на ўлік усе гэтыя мільёны, можа хапіць і аднаго віруса дзеля вырашэння твайго лёсу. У дадатак, далёка не ўсе патэнцыйна небяспечныя вірусы знаходзяцца ў арганізме гаспадара ў актыўным стане, некаторыя мірна сабе спяць (пэрсістуюць), пакуль іх штосьці не падштурхне да актыўнасці.

Ці варта непакоіцца з-за гэтых істотаў, якія жывуць дзесьці ўнутры, ці аб тых, якія здольныя трапіць у нашае цела і стварыць вялізную калонію? Турбавацца, можа, і варта, але перад гэтым тройчы паўтарыць словы Хрыста: “не тое, што ўваходзіць у вусны, паганіць чалавека, але тое, што выходзіць з вуснаў, паганіць чалавека”. Тройчы!… Менавіта таму турбавацца, а не палохацца.

Сама Эўхарыстыя немагчымая без мікраарганізмаў

Мяжа паміж светам чалавека і светам мікраарганізмаў даволі ўмоўная, але яна існуе. Тым не менш, хвалі падзей, якія адбываюцца ў свеце мікробаў і вірусаў, нязменна даходзяць да чалавека. Больш за тое, паміж гэтымі сусветамі існуе выразная функцыянальная залежнасць: само існаванне чалавека немагчыма без шырокай апоры на мікраарганізмы. Пытанне: “Ці гэтая залежнасць адносіцца выключна да фізіялогіі нашага цела?”

З тэксту Святога Пісання вядома, што такое “закваска”, “дрожджы” і “браджэнне”. Хлеб і віно – прадукты, якія немагчымыя без дзейнасці мікраарганізмаў. Менавіта яны былі вызначаны ў якасці эўхарыстычных “адпаведнікаў” Цела і Крыві Хрыста. Ці гэта простае супадзенне або гэта тая ж “падказка”, над якой варта задумацца? Прынамсі, гэтыя нябачныя істоты заслугоўваюць увагі.

Складваецца ўражанне, што мікраарганізмы самі здольныя прымусіць сябе паважаць. Асабліва калі яны вызначаюць хаду гісторыі. І маштабныя эпідэміі – гэта толькі адзін з прыкладаў, але прыклад даволі паказальны. У навуковым асяродку добра вядомая думка пра тое, што мікробы павінны разглядацца ў якасці адной з гістарычных сілаў, што кіруе лёсам цэлых цывілізацыяў (Daimond, 1997; Clark, 2010).

Мікраарганізмы кіруюць і камандуюць

Здольнасць да зменлівасці мікробаў значна вышэйшая, чым у арганізмаў – прадстаўнікоў макрасусвету. Хуткасць у размнажэнні, гатоўнасць да вокамгненнай экспансіі і шматлікасць формаў існавання забяспечваюць ім устойлівасць наяўнай экалагічнай нішы і паскоранае пашырэнне ў кожнай патэнцыйна іншай. Для чалавека вельмі істотна, што мікраарганізмы не толькі самі хутка рэагуюць на змены вонкавага асяроддзя (уключаючы працэсы ўзнікнення новых біялагічных формаў), але і задаюць кірунак далейшых зменаў, у тым ліку і ў свеце макраарганізмаў, або кіруюць развіццём сваіх “гаспадароў”.

Асаблівыя здольнасці да маланкавай у эвалюцыйным вымярэнні зменлівасці дэманструюць вірусы. Яны “з’яўляюцца прадуктам інтэнсіўнага інфармацыйнага ўзаемадзеяння, папераменна выконваючы то ролю тормаза пры занадта вялікім паскарэнні, то ролю пугі пры занадта павольным руху сістэмы ў заўтрашні дзень” (Росторгуев, 1996). Такім чынам, вірусы могуць разглядацца ў якасці самага хуткаснага з нябачных сродкаў кантролю і кіравання.

Як расцэньваць эпідэмію СНІДу?

Але што гэта за кантроль? Вядома, што мікробы прымушаюць да выканання правілаў гігіены. Істотнымі з’яўляюцца не толькі гігіена цела, але і гігіена духу. Згадаем венерычныя захворванні і СНІД.

Некаторыя гісторыкі сцвярджаюць, што шырокая распаўсюджанасць захваральнасці на сіфіліс у Заходняй Еўропе XVI стагоддзя стала прычынаю звароту да строгага выканання рэлігійных нормаў і стварыла падмурак да фармавання пурытанства.

А як расцэньваць эпідэмію СНІДу? Можа, гэта інтрыгі злога віруса ці проста “невязуха”? А можа, і гэта падказка?

Парадаксальна, але ўсе гэтыя “гіпотэзы” нічога не вартыя, бо выкананне нормаў хрысціянскай маралі ў кожным выпадку застаецца адзіным дзейсным сродкам прафілактыкі гэтых і многіх іншых хваробаў. А той, хто прапануе дадатковыя “надзейныя” сродкі, часам стварае дадатковыя рызыкі.

Неразумна зводзіць усю гаму ўзаемаадносінаў паміж чалавекам і вірусам толькі да варыянтаў “страшылак”, хоць і варта прызнаць іх эфектыўнасць.

 Ці хвароба можа развіць чалавека духоўна?

У час прастуды (віруснай інфекцыі) наш розум працуе па-іншаму, дэманструе незвычайную актыўнасць, якая часам мяжуе з паталагічнай. Дастаткова ўспомніць, якія “жывыя” сны мы бачым падчас хваробы. Нярэдка хвароба з’яўляецца тым этапам у жыцці, калі адбываюцца істотныя змены светапогляду. Так, паводле прызнання вялікага хірурга Пірагова, ён звярнуўся да хрысціянскай веры менавіта ў тыя дні, калі ў трыццацігадовым узросце меў ліхаманку (на фоне сімптомаў грыпу).

А як ставіцца да хваробаў святых? Многія з іх доўга пакутавалі і паміралі ад інфекцыйных захворванняў.  Хвароба – гэта заўсёды выпрабаванне, але ў якой ступені і якім чынам яна садзейнічала развіццю чалавека ў духоўнасці?

Зразумела, што адназначных адказаў тут быць не можа, але да разумення праблемы мы ісці павінны натуральна, проста, без празмернай перасцярогі. І шлях да гэтага разумення чалавек павінен прайсці не ў скафандры ці супрацьчумным камбінезоне, а ў даволі простым, штодзённым выглядзе.

Таму, як і было заўсёды, – выбар за Табою! Але не спяшайся, уважліва глядзі сабе пад ногі, каб каго не прыціснуць.

Сяргей Кандрычын, урач-кардыёлаг

для друку для друку