Віншаванне біскупа Віцебскай дыяцэзіі на Вялікдзень 2015 г.

press-konferencija18“Тады ўвайшоў туды і той вучань, які першы прыйшоў да магілы, і ўбачыў, і паверыў”
(Ян. 20, 8)


Дарагія вернікі, шаноўныя браты і сёстры ў Хрысце, людзі добрай волі!

Хрыстова Уваскрасенне – гэта падзея, якая ляжыць у аснове Хрысціянскай веры. Веры, каторая не толькі акрэслівае Стваральніка ўсяго існага свету як Асобу, больш за тое – як еднасць Боскіх Асобаў, але першай і найбольш уласцівай для Яго рысай называе Любоў. Так кажа Евангеліст Ян у адным са сваіх лістоў: “…Бог ёсць любоў” (1, Ян. 4,8). І гэтая Божая якасць найбольш выявілася ў крыжовай ахвяры Езуса Хрыста, бо “…калі мы былі яшчэ грэшнікамі, Хрыстос памёр за нас” (Рым. 5, 8). Паводле слоў Самога Хрыста, “ніхто не мае большай любові за тую, калі хто аддае жыццё сваё за сваіх сяброў” (Ян. 15, 13). Таму, калі мы шукаем у гэтым свеце любові, па-сапраўднаму можам знайсці яе толькі ў Бога. Чалавек можа або паспрабаваць ад яе навучыцца, або сказіць і пераўтварыць у пародыю. Менавіта сапраўдная любоў павінна з’яўляцца матывам веры і ўвогуле жыцця чалавека: не страх з таго, што жыву не так, як трэба, і чакае мяне за гэта пакаранне, але радасць з таго, што мяне Хтосьці любіць як сваё уласнае дзіцё, любіць такім, якім яно ёсць.

А калі праз грэх мы і заслужылі пакаранне, то Хрыстос ужо прыняў яго на сябе. Адпакутаваў замест нас, паміраючы на крыжы. Але на трэці дзень уваскрос, адкрываючы тым самым для кожнага чалавека дарогу ў вечнае жыццё. Ці ж гэта не сапраўдная любоў?! Тым больш, што ў замен патрабуе ад нас толькі аднаго: прыняць яе са шчырасцю маленькага дзіцяці, бо “…калі не навернецеся і не станецеся як дзеці, не ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае” (Мц. 18, 3). Навярнуцца – азначае перадусім адкінуць сваю абыякавасць да веры, да збаўлення ўласнай душы. Аднак гэта не заўсёды лёгка ўчыніць. Тым больш калі нам падаецца, што мы і так дастаткова робім, калі час ад часу ўдзельнічаем у тых ці іншых абрадах, раз ці два на год наведаўшы касцёл ці царкву. Бо рэч не ў саміх фармальных знаках, але ў тым, што яны павінны здзейсніць. А менавіта дапамагчы нам у асабістым спатканні з Богам, Які ніколі не ўспрымае нас як натоўп, але ведае і кліча нас па імені. (пар. Ян. 10. 3, 14).

Праблема існуе яшчэ і ў тым, што нам, як “дарослым” дзецям, не хочацца, каб хтосьці нас апякаў, мы хочам жыць ”самастойна”. Таму ў рэлігійным плане нам нават больш адпавядае Бог, Які ёсць недзе далёка і не ўмешваецца ў нашае жыццё. Адпаведна і мы імкнёмся не “дакучаць” Яму сваёй прысутнасцю. Звычайна гэта адбываецца да той пары, пакуль перад той ці іншай праблемай сапраўды не адчуем сябе бездапаможнымі дзецьмі. Вось тады і ўзнікае жаданне, каб Бог апынуўся дзесьці побач. Трэба сцвердзіць, што неаднойчы мы правакуем Бога, каб дапусціў у нашым жыцці падобную сітуацыю, магчыма, і не адну. Бо, на жаль, гэта часта вельмі дзейсны сродак, каб зруйнаваць нашу абыякавасць, абудзіць веру і ўсвядоміць, што перад Богам мы і так застаёмся малымі бездапаможнымі дзецьмі, якія могуць жыць самастойна, толькі трымаючы Бога за руку.

Вялікдзень – гэта добрая нагода, каб зноў адчуць сябе ў моцных бацькоўскіх руках Нябеснага Айца, Які, ратуючы сваіх дзяцей, знішчыў нават смерць. Няхай дастаткова нам будзе пакоры, каб прызнаць, што існуе Хтосьці вышэйшы і мудрэйшы за нас, але Якому важна, каб мы “мелі жыццё і мелі ўдосталь” (Ян. 10, 10).

Жадаю, каб кожны з вас змог адчуць гэтую поўню жыцця, якую дае вера ў схаваную ад вачэй, але адкрытую для сэрца моц Божай Любові. Міру, дабра і супакою кожнаму вашаму дому! Са святам!

 +Алег Буткевіч,
Біскуп Віцебскі

для друку для друку