Віна. Што па чым?

У мінулы раз мы пазнаёміліся з эмоцыяй віны. Мае кліенты рэгулярна звяртаюцца па кансультацыі з праблемамі моцнай і/ці хранічнай віны. Я вырашыла разгледзець гэтую тэму больш уважліва, бо яна вельмі важная і актуальная, асабліва сярод людзей рэлігійных.

Узгадаем, віна – гэта эмоцыя, якая з’яўляецца як рэакцыя на зробленую памылку, нанесеную шкоду ці недасканаласць. Яна можа дапамагаць рэгуляваць стасункі, а можа стаць значнай перашкодай у развіцці чалавека.

Не будзем падрабязна разглядаць усе віды віны і іх назвы, але я прывяду пералік тэм, якія часта выклікаюць гэтую складаную рэкцыю.

Людзі могуць адчуваюць віну за:

  • сам факт свайго існавання: я нарадзіўся, і тату давялося ажаніцца з мамай; маці кінула вучобу; бацькі ахвяравалі сабой і г.д;
  • сацыяльныя асаблівасці свайго полу: я дзяўчына, таму я надта эмацыйная, не магу сябе кантраляваць, вельмі шмат размаўляю; я хлопец, таму я надта агрэсіўны, усё ламаю, не дапамагаю бацькам, займаюся лухтой;
  • лад свайго жыцця: я не ажаніўся; я не выйшла замуж; я працую на цікавай, але невысока аплачвальнай працы; я люблю займацца творчасцю замест таго, каб працаваць у агародзе і мець плён;
  • недастатковы клопат пра дзяцей ці бацькоў: я б мог (магла) зрабіць для іх больш;
  • недаацэнку бацькоў, якія прымянялі гвалт: я не люблю сваіх бацькоў; я часта не хачу наведваць іх, не адчуваю цяпла да іх;
  • недахоп лаяльнасці: раскрыццё сямейных таямніцаў, ігнараванне традыцыяў: я распавядаю пра сямейныя сваркі, аборты, хваробы; не пяку бліны зранку кожную нядзелю і г.д.;
  • ігнараванне іншымі: я нецікавы, недасканалы; калі б я ведаў больш, у мяне было б больш прыхільнікаў, сяброў, кантактаў;
  • ігнараванне сябе: я дрэнны, таму мяне не любілі; калі б я быў лепшы, бацькі б больш мяне любілі і клапаціліся; я сам вінаваты;
  • недасканалае бацькоўства / сыноўства: я мала зарабляю, мала праводжу часу дома, мала дапамагаю і г.д.;
  • непраўдзівасць самога да сябе; інакш бы ніколі не памыліўся, жыццё пайшло б па-іншаму;
  • ігнараванне Бога: калі б я быў дасканалым, Ён бы звярнуў на мяне ўвагу, выслухаў просьбы.

Як бачым, прычыны быць незадаволеным сабой могуць быць рознымі, узровень рэакцыі часта не суадносіцца з узроўнем нанясення шкоды. Такім чынам, людзі часта адчуваюць сябе вінаватымі за тое, што яны ёсць такімі, якімі ёсць, часта перабольшана ці зусім без прычыны, а часта не адчуваюць віну там, дзе нанесена шкода.

З віной абыходзіцца можна па-рознаму. У мінулым нумары мы размаўлялі пра адчуванне рэальнай віны, пра жаданне выправіць шкоду і шчырае перапрашэнне. Але існуюць і паталагічныя спробы абыходзіцца з гэтым пачуццём:

  • адцягнуць увагу развагамі, працай, адносінамі, сэксам;
  • рацыяналізаваць – тлумачыць сабе: “не мы такія, час такі”;
  • аўтаагрэсіраваць – паводзіць сябе рызыкоўна, весці небяспечны лад жыцця, не даглядаць сябе, наносіць шкоду свайму здароўю, учыніць самагубства;
  • прыніжаць сябе;
  • адмаўляць віну;
  • шукаць вінаватых вакол;
  • шукаць магчымасці зняць з сябе віну праз дапамогу іншым;
  • упадаць у апатыю, дэпрэсію;
  • ужываць лекі, алкаголь, наркотыкі;
  • праз псіхасаматыку (цела пачынае рэальна хварэць);
  • праз гнеў на іншых: на Бога, на супрацьлеглы пол і г.д.;
  • займаць пазіцыю суворага, жорсткага чалавека і інш.

Як бачым, спосабы бываюць разнастайныя і наступствы таксама розныя, часам сумныя і нябяспечныя.

Каб канструктыўна даць рады з віной, гэта значыцца, каб эмоцыя не прынесла за сабой хваробу, боль, горыч, разрыў стасункаў, а мела аздараўляльнае значэнне, прапаную звярнуцца да наступных спосабаў:

  • прызнаць РЭАЛЬНУЮ віну, выразіць гэтую віну ў АДЭКВАТНЫМ для сітуацыі памеры;
  • ацаніць свой уклад у нанесенай шкодзе, прыняць АДКАЗНАСЦЬ толькі за СВАЮ частку (гэта важная абарона ад адчування пастаяннай бездапаможнасці ды пошуку вінаватых вакол);
  • прызнаць тую страту, якую ўчынілі, перажыць, перагараваць гэтыя наступствы;
  • змірыцца.

Няпроста? Магчыма… Але варта падумаць, ці вінавачу я сябе за тое, што не мог (не магла) учыніць ці змяніць? Трэба падумаць, якія спосабы абыходжання з віной мы маем у сваім арсенале – паталагічныя ці канструктыўныя? Ці не перашкаджае наша віна будаваць жывыя лёгкія стасункі?

Зычу вам шчырых адказаў!

Дзякуй за ўвагу!

Таццяна Палхоўская

для друку для друку