Віна і як у ёй “не патануць”

Сёння мы будзем разбіраць эмоцыю віны. Для мяне гэта тэма крыху падобная да папярэдняй – тэмы сораму. І першая, і другая эмоцыі сацыяльныя, гэта значыць, прыдбаныя ад кантакту з іншымі людзьмі. І першая, і другая дастаткова цяжка перажываецца. І ў адным, і ў другім выпадку існуе страх страты любові.

Разгледзім крыху падрабязней. Віна, у адрозненне ад сораму, пачынае развівацца досыць рана, прыблізна ў шасць месяцаў (сорам у 1,5 – 2 гады). Фарміруецца як рэакцыя на пагаршэнне стасункаў з маці. Справа ў тым, што малое дзіця цяжка пераносіць сыход мамы (нават на кароткі час), ёно не мае словаў, каб назваць тое, што з ім адбываецца, але адчуванне ўжо ёсць. Адчуванне дыскамфорту ад самотнасці. Патлумачыць гэтую эмоцыю можна двума спосабамі: “маці дрэнная, бо сышла, я адзін і мне кепска”. Ці другі варыянт: “маці сышла ад мяне, значыцца дрэнны я”. Псіхіка малога ніколі не абярэ першы варыянт, бо гэта будзе проста разбуральным для яе існавання, таму выбар падае на фарміраванне віны. Вядома ж, гэта несвядомы працэс, не прыбраны ў словы.

Сталасці гэтая эмоцыя дасягае прыкладна ў 4,5 – 5 гадоў. Цікавы разгон і невыпадковы. Справа ў тым, што ў некаторых людзей пачыццё віны так і застаецца недаспелым, прыпыняецца дзесці на пачатковым узроўні і можа істотна пагоршыць узровень жыцця асобы. Як так адбываецца?

Саспелае пачуццё віны – голас сумлення, тое, што так важна фарміраваць і ўзрошчваць у сабе, каб адрозніваць дабро і зло, рэгуляваць свае ўчынкі, наладжваць добрыя стасункі. У адваротным выпадку чалавек можа мець такое жорсткае Супер-эга (так мы называем адну з частак нашай псіхікі), якое ўвесь час будзе патрабаваць дасканаласці, беспамылковасці. Функцыя Супер-эга ў гэтым выпадку – нагадваць, што любоў трэба зарабляць, быць ідэальным, інакш яе не атрымаеш. І як вынік – пачуццё віны за кожную недасканаласць.

Можа, камусьці знаёмае пастаяннае пачуццё незадаволенасці сабой, якое моцна трымае ў абцугах напружання, не дае разняволіцца, па-сапраўднаму адпачыць, атрымаць задавальненне? Такія людзі часта раздражнёныя, нервовыя, стомленыя, злуюцца на сябе ды іншых. Бо часцей за ўсё ў розных формах мы ад іншых патрабуем таго ж, чаго і ад сябе, а калі не маем літасці да сябе, то і да іншага яе не будзе. Людзі з хранічным (можам і так яго назваць) пачуццём віны часта крыўдзяцца, бо бачаць абвінавачванне там, дзе яго няма, могуць пачынаць апраўдвацца тады, калі ніхто і не нападае. Я не аднойчы сустракалася з выпадкамі, калі ў самыя прыемныя і радасныя  моманты жанчыны пачынаюць узгадваць, уздыхаючы, што яшчэ трэба прыбрацца ў хаце, папраць рэчы ды ледзьве не столь памыць, тым самым “прыцягваючы” абавязкі ў свой адпачынак. Так яны скідаюць сваю трывогу, што дазволілі сабе пабыць “недасканалымі”.

У вёсцы маіх дзядулі і бабулі заўжды было негалоснае правіла: “пакуль свеціць сонца, усе мусяць працаваць”, сядзець склаўшы рукі сорамна. Самае непрыемнае, што правіла працавала нават тады, калі тэрміновай працы не было, але ж хранічнае пачуццё віны дзейнічала без перабояў. Дарэчы, неперырыўная віна часам адбіваецца на здароўі чалавека і нават на знешнім выглядзе, напрыклад, згорбленыя спіны могуць сімвалічна абазначаць той цяжар, які адчувае асоба праз гэтую няспелую эмоцыю.

Асобнай тэмай ёсць віна чалавека, які выжыў у катастрофах ды няшчасных здарэннях, калі жыццё ператвараецца ў жалобнае пытанне: “Чаму я застаўся жывы, а ты памёр?” Віна перад памерлым, што не быў побач у момант смерці, што запозна выклікаў дактароў, што не забраў з лякарні, каб развітацца дома і г.д. Гэта цяжкія тэмы, звязаныя з гараваннем і незваротнасцю сумнай падзеі. Калі пачуццё віны перад памерлым ці яго роднымі празмерна моцнае або трывае больш за перыяд жалобы (прыкладна, год), варта звярнуцца да спецыяліста.

А мы вяртаемся да здаровага пачуцця віны як рэакцыі на нанясенне рэальнай шкоды чалавеку. Калі мы выпадкова ці свядома крыўдзім кагосьці, псуём рэчы чалавека ці рэпутацыю, забіраем час, грошы ці здароўе іншага, а пасля РАЗУМЕЕМ тую страту, якую панеслі праз нас, а галоўнае – АДЧУВАЕМ боль ад таго што нарабілі, – то гэта азначае, што размова ідзе пра голас сумлення. Тут віна выяўляецца як вельмі карысны інструмент для наладжвання стасункаў. У здаровай сітуацыі бывае так: адчуваем боль ад здзейсненага – адчуваем патрэбу ў прымірэнні – просім прабачэння і г.д. У нездаровым варыянце: адчуваем боль ад здзейсненага – адчуваем патрэбу прымірыцца, але, напрыклад, саромеемся прызнацца, баімся гневу, не верым у магчымасць даравання, стасункі не наладжаныя, віна становіцца хранічнай.

Зычу чытачам адказна фарміраваць сваё сумленне і не абвінавачваць сябе дарэмна.

Дзякуй за ўвагу!

Таццяна Палхоўская, псіхолаг

для друку для друку