Віктарына “Піяры і Паўсюдны Касцёл” прайшла ў Шчучыне

У Шчучыне да 400-годдзя існавання ордэна піяраў і 250-годдзя з дня кананізацыі св. Юзафа Каласанса была праведзена першая інтэлектуальная гульня сярод моладзі.

За 2 тыдні ўсе жадаючыя маглі падаць заяўку са складам сваёй каманды на ўдзел у віктарыне.

27 жніўня а 18 гадзіне на тэрыторыі шчучынскай парафіі сабралася 5 каманд. Кожная з іх са сваёй назвай і вялікім энтузіязмам да гульні: са Шчучына — “Вітольдаўны”, “Парадокс”, “Дзеці з-за Тыбра”, каманда з Ліды “Лімонны Каласанс”, а таксама змешаная каманда Ліда-Шчучын – “Мікс”. Арганізатарам гульні быў Аляксандр Снапко.

Віктарына складалася з 5 тураў. Напачатку даваліся розныя цікавыя факты на рэлігійную тэму, за 1 хвіліну трэба было адказаць праўда гэта ці не. Таксама з прапанаваных адказаў на пытанне трэба было выбраць адзін правільны. Тут асаблівым чынам праявілі сябе міністранты, дзякуючы якім каманды лёгка справіліся з некаторымі пытаннямі.

Далей каманда магла выбраць пытанне з пэўнай прапанаванай катэгорыі: Біблія, Касцёл у Беларусі, Паўсюдны Касцёл, Музыка ў касцёле, Піяры, Св. Юзаф Каласанс. Тут удзельнікам больш за ўсё спадабалася катэгорыя “музыка ў касцёле” – па мелодыі адгадвалі песню ці гімн, а потым некоторыя спевы нават праспявалі ўсе разам.

Адным з самых складаных тураў быў той, дзе не было аніякіх варыянтаў адказаў.

У апошнім туры задавалася пытанне, адказам на якое павінна была быць лічба. Спатрэбіліся веды не толькі па гісторыі хрысціянства, але і па геаграфіі, і па матэматыцы.

Вынікі былі наступныя:

1 месца: Дзеці з-за Тыбра (34 бала) — Шчучын;

2 месца: Лімонны Каласанс (27 балаў) — Ліда;

3 месца: Мікс (25 балаў) — Ліда/Шчучын;

3 месца: Парадокс (25 балаў) — Шчучын;

4 месца: Вітольдаўны (20 балаў) — Шчучын;

Усе ўдзельнікі атрымалі памятныя падарункі, прысвечаныя юбілейнаму году.

Кацярына Мурамская, тэкст;

А. Віталій Слука SP, фота

для друку для друку