Вігілія для бедных адбылася ў Гродне

«Надта сытна і надта смачна, сястра!»,- з удзячнасцю прамовіў адзін з прысутных. “Дык уся справа ў прыправе», — адказала з усмешкай манахіня. У чарговы раз гарадзенцы, якія трапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю, сабраліся за шчодра прыбраным сталом у доме сясцёр назарэтанак у Гродне. Спатканне, якое зладзілі дзякуючы падтрымцы Дабрачыннага каталіцкага таварыства “Карытас”, прайшло 21 снежня.

На распачацце сустрэчы сабраныя мелі магчымасць паслухаць урывак з Евангелля, які распавядае аб прыйсці Збаўцы на зямлю. Пасля дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі і дырэктар Гродзенскага аддзялення “Карытас” скіравалі да прысутных святочныя віншаванні.

«Жадаю вам цёплых вечароў і прыязных людзей побач, — пажадаў іерарх. – Уважліва сачыце за тым, што нараджаецца ў вашых сэрцах: адкідвайце ўсё дрэннае і адкрывайцеся толькі на добрыя памкненні».

Затым пад гукі калядак прыбылыя паламаліся аплаткай і раздзялілі святочны абед. У гэты дзень людзі, якія часта не маюць нават даху над галавой, маглі забыць не толькі пра матэрыяльную нястачу, але і падсілкаваца духоўнай ежай. У кутках залі можна было назіраць ціхія размовы законных сясцёр і святароў з абяздоленымі.

У сёлетнім спатканні прыняло ўдзел каля 80-ці чалавек. Акрамя святочных сустрэч перад Раством і Вялікаднем, для бедных штодня ладзяцца дармовыя абеды ў назарэтанскай сталовай. Калі людзі маюць патрэбу ў вопратцы ці абутку, яны таксама маюць магчымасць звярнуцца ў “Карытас” з просьбай аб матэрыяльнай дапамозе.

«Толькі праз убогіх мы можам штосьці падарыць Богу» (св. Францішак Асізскі).

Ангеліна Марцішэўская, grodnensis.by

для друку для друку