- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Віцебскія католікі атрымалі адказ на зварот аб вяртанні пробашча катэдральнага касцёла

[1]Вернікі парафіі Езуса Міласэрнага ў Віцебску 6 лютага атрымалі адказ на калектыўны зварот да Ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леаніда Гулякі, у якім прасілі перагледзець рашэнне аб забароне служэння ў Беларусі пробашча Паўла Кнурэка. Адказ адмоўны.

“Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцей пісьмом ад 18.10.2018 не ўзгоднена запрашэнне грамадзяніна Рэспублікі Польша Кнурэка Паўла для ажыццяўлення рэлігійнай дзейнасці ў абшчыне “Рымска-каталіцкая парафія Езуса Міласэрнага ў г. Віцебску. Падстаў для перагляду раней прынятага рашэння не маецца”, – гаворыцца ў атрыманым лісце.

Дадаткова тлумачыцца, што на падставе дзейнага заканадаўства Ўпаўнаважаны мае права не ўказваць прычыну адмовы ўзгадніць запрашэнне святара.

[2]Вернікі незадаволеныя

Старшыня парафіяльнай рады Пётр Глод гаворыць, што незадаволены такім адказам Гулякі.

“Мы ведаем, што існуе інструкцыя, якая дазваляе Гуляку не адказваць на нашыя пытаньні. Але ж мы звярнуліся да яго чыста па-чалавечы і меркавалі, што можам атрымаць на зварот таксама людзкія тлумачэнні. А тут адпіска!” – абураецца Пётр Глод.

“І другое: як гэта “няма падставы для перагляду”? Мы, простыя вернікі, са сваімі просьбамі і пытаннямі хіба не падстава для яго? Пад зваротам было каля 200 подпісаў, сабраных за адзін дзень. Атрымліваецца, што ён не паважае нас як людзей?..” – дадае спадар Пётр.

Паводле старшыні парафіяльнай рады, віцебскія католікі не збіраюцца маўчаць і будуць пісаць яшчэ адзін зварот – у Адміністрацыю прэзідэнта.

Нагадаем, у звароце да Ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў вернікі прасілі патлумачыць, з якой прычыны пробашчу парафіі Езуса Міласэрнага ў Віцебску кс. Паўлу Кнурэку было адмоўлена ў пастырскім служэнні на тэрыторыі Беларусі, а таксама – перагледзець гэтае рашэнне. Пісалі, што падобныя забароны шкодзяць іміджу Беларусі, якая апошнім часам пазіцыянуе сябе як адкрытая дзяржава.

Пад пісьмовым зваротам да Гулякі падпісаліся 168 вернікаў, пад электроннай петыцыяй – больш за 600 чалавек (электронны зварот быў адпраўлены пазней, таму адказу на яго пакуль няма).

Зміцер Міраш, Віцебская Вясна [3]