Віцебскія католікі атрымалі адказ на зварот аб вяртанні пробашча катэдральнага касцёла

Вернікі парафіі Езуса Міласэрнага ў Віцебску 6 лютага атрымалі адказ на калектыўны зварот да Ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леаніда Гулякі, у якім прасілі перагледзець рашэнне аб забароне служэння ў Беларусі пробашча Паўла Кнурэка. Адказ адмоўны.

“Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцей пісьмом ад 18.10.2018 не ўзгоднена запрашэнне грамадзяніна Рэспублікі Польша Кнурэка Паўла для ажыццяўлення рэлігійнай дзейнасці ў абшчыне “Рымска-каталіцкая парафія Езуса Міласэрнага ў г. Віцебску. Падстаў для перагляду раней прынятага рашэння не маецца”, – гаворыцца ў атрыманым лісце.

Дадаткова тлумачыцца, што на падставе дзейнага заканадаўства Ўпаўнаважаны мае права не ўказваць прычыну адмовы ўзгадніць запрашэнне святара.

Вернікі незадаволеныя

Старшыня парафіяльнай рады Пётр Глод гаворыць, што незадаволены такім адказам Гулякі.

“Мы ведаем, што існуе інструкцыя, якая дазваляе Гуляку не адказваць на нашыя пытаньні. Але ж мы звярнуліся да яго чыста па-чалавечы і меркавалі, што можам атрымаць на зварот таксама людзкія тлумачэнні. А тут адпіска!” – абураецца Пётр Глод.

“І другое: як гэта “няма падставы для перагляду”? Мы, простыя вернікі, са сваімі просьбамі і пытаннямі хіба не падстава для яго? Пад зваротам было каля 200 подпісаў, сабраных за адзін дзень. Атрымліваецца, што ён не паважае нас як людзей?..” – дадае спадар Пётр.

Паводле старшыні парафіяльнай рады, віцебскія католікі не збіраюцца маўчаць і будуць пісаць яшчэ адзін зварот – у Адміністрацыю прэзідэнта.

Нагадаем, у звароце да Ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў вернікі прасілі патлумачыць, з якой прычыны пробашчу парафіі Езуса Міласэрнага ў Віцебску кс. Паўлу Кнурэку было адмоўлена ў пастырскім служэнні на тэрыторыі Беларусі, а таксама – перагледзець гэтае рашэнне. Пісалі, што падобныя забароны шкодзяць іміджу Беларусі, якая апошнім часам пазіцыянуе сябе як адкрытая дзяржава.

Пад пісьмовым зваротам да Гулякі падпісаліся 168 вернікаў, пад электроннай петыцыяй – больш за 600 чалавек (электронны зварот быў адпраўлены пазней, таму адказу на яго пакуль няма).

Зміцер Міраш, Віцебская Вясна

для друку для друку