- Каталіцкі Веснік - http://catholicnews.by -

“Веруючы” ці “вернік”?

vera [1]Абодва названыя словы з рознай частотнасцю ўжываюцца ў сучаснай моўнай практыцы. Лексема “веруючы” – гэта пазычанне з рускай мовы, дзе адпаведны назоўнік – “верующий” – паходзіць ад дзеепрыметніка з характэрным для рускай мовы суфіксам -ющ (-ущ). Параўнаем, напрыклад, “везущий”, “играющий”, “идущий” і г.д. Для беларускай жа мовы падобныя дзеепрыметныя формы неўласцівыя. Таму ў нас не выкарыстоўваюць словы кшталту “вязучы”, “іграючы”, ідучы” як дзеепрыметнікі.

Назоўнік “вернік” вядомы ў беларускай мове з XVI стагоддзя. Але ў сучаснай практыцы гэтае слова трывала замацавалася напрыканцы 80-ых гадоў ХХ стагоддзя, калі ва ўмовах нацыянальна-культурнага адраджэння многія адметныя лексемы сталі ўсё часцей выкарыстоўвацца і ў вусным маўленні, і ў друку. Падае назоўнікі “вернік” і “верніца” як адпаведнікі да рускіх “верующий” і “верующая” і “Русско-белорусский словарь” (1993, с. 156). “Тлумачальны слоўнік сучаснай беларускай літаратурнай мовы” (ТСБЛМ, 1996) таксама фіксуе лексему “вернік” са значэннем “чалавек, які верыць у існаванне Бога” (с. 110). У гэтым жа слоўнікавым артыкуле падаюцца назоўнік жаночага роду “верніца” і прыметнік “верніцкі”. Ёсць паняцце “вернік” і ў “Беларускай энцыклапедыі” (1997, т. 4, с. 103) з тлумачэннем “чалавек, які верыць у Бога і належыць да пэўнай рэлігійнай канфесіі”. І, што вельмі важна, акадэмічны “Слоўнік беларускай мовы” (2012) таксама змяшчае слова “вернік” (с. 139).

Назоўнік “вернік” часта ўжываецца і ў электронных, і ў друкаваных СМІ. Прывядзём, напрыклад, наступны мікракантэкст з газеты “Новы час” (23 мая 2014 г., с.6), дзе слова “вернік” выступае канцэптуальна важным паняццем: “Такі працэнт вернікаў, якія галасуюць за смяротнае пакаранне… Вернікі бываюць розныя. Ёсць вернікі, якія добра ведаюць багаслоўе, а ёсць фармальныя вернікі”.

Падобны словаўтваральны тып, калі асабовыя назоўнікі ўтвараюцца ад дзеяслоўнай асновы з дапамогай суфікса –нік, з’яўляецца прадуктыўным у сучаснай беларускай мове. Параўнаем: “настаў-нік”, “будаў-нік”, “натхняль-нік”, “чараў-нік” і г.д. Таму неабходна і ў вусным, і ў пісьмовым маўленні выкарыстоўваць адметныя беларускія словы “вернік”, “верніца”, а не пазычанні з рускай мовы.

Юрась Бабіч, кандыдат філалагічных навук