Веру ў Беларусі вывучаюць праз навуковыя падарожжы

vera u BelarusiНовы жанр падарожжаў узнік у Беларусі. Яго вынайшлі навукоўцы-энтузіясты. Не экскурсіі, а навуковыя падарожжы “Вера Беларусі” ладзяцца пад эгідай “Беларускага калегіума” і “Лятучага ўніверсітэта”.

Акадэмічны дырэктар “Беларускага калегіума” Ірына Дубянецкая паведаміла Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, што мэта падарожжаў – не краязнаўчы ілюстрацыйны матэрыял, а даследванне праблемы. Цыкл навуковых падарожжаў “Вера Беларусі” мае на мэце даследваць рэальны стан веры ў краіне ад глыбіні часоў да сённяшніх дзён, незалежна ад таго, якая гэта вера.

“Задача – даследваць рэлігійнасць Беларусі такой, якая яна ёсць. У цэнтры могуць стаяць праблемы асноўных рэлігій, але гэта могуць быць і культы камянёў, і неакульты кшталту замочкаў на мосціках ці “анастасіеўцаў” — тое, што ўзнікае на вачах як мыльныя бурбалкі. Бо гэта ёсць, і гэта трэба даследваць.

Не варта ацэньваць, а спачатку даследваць і ведаць, дзе мы стаім, што адбываецца насамрэч у краіне. І заўсёды ў нетрах гэтых падарожжаў адной з асноўных тэмаў мы захоўваем пытанне станаўлення нацыянальнай ідэнтычнасці Беларусі. Бо нацыянальная ідэнтычнасць дагэтуль не сфармавалася, але яна заўсёды фармуецца ў вельмі вялікай ступені на падставе рэлігійных уяўленняў і рэлігійных узаемаадносінаў”, — адзначыла Ірына Дубянецкая.

У Беларусі сітуацыя ўнікальная ў параўнанні з Еўропай пачынаючы ад часоў Вялікага Княства Літоўскага, бо краіны ў той час звычайна былі монаканфесійнымі і монарэлігійнымі, а ВКЛ заўсёды было полірэлігійным. Стандартны выгляд беларускага мястэчка – гэта “царква закону Рымскага”, “Царква закону Грэцкага”, як яны зваліся ў Магдэбурскім праве, адна-тры сінагогі, на ўзбочы – мячэць. Так фармавалася Беларусь. Але XX стагоддзе ўсё перавярнула, і цяпер Беларусь ідэнтыфікуе сябе па-іншаму. А як – гэта трэба даследваць. Навукоўцы глядзяць на тое, што адбываецца і ў каталіцкім свеце, напрыклад, нядаўна вандроўка вывучала маршрут “Бабруйск — Светлагорск — Рэчыца — Гомель”.

“У Бабруйску і ў Рэчыцы мы заходзілі на нядзельныя Набажэнствы. У Бабруйску Імша адбывалася па-польску, у Рэчыцы — па-руску. Але мы гэта не ацэньваем, а глядзім, што яно так ёсць. І глядзім, як фармуецца ідэнтычнасць гэтага краю, якую ролю рэлігія адыгрывае ў станаўленні нацыянальнай ідэнтычнасці, улічваючы досвед рэлігійнай талерантнасці. Скажам, калі ў канцы XVI-XVII стагоддзях Еўропу раздзіраюць рэлігійныя войны, у Вялікім Княстве адбываюцца рэлігійныя дыскусіі. Дзяржава захоўвае гэты рэлігійны плюралізм, які фармуе ў павазе да іншых традыцый. “На чужы святы не кідай уніты”, — гавораць беларусы. Гэта значыць, не ткаць, не рабіць складаную працу, не абражаць рэлігійныя пачуцці іншага – такой была беларуская традыцыя. Цяпер штосьці адбываецца іншае, і мы глядзім, што”, — сказала даследчык.

Наведваючы розныя мясціны, навукоўцы таксама назіраюць, што адбываецца з культамі святых – папулярных ў Беларусі св. Антонія Падуанскага, св. Андрэя Баболі. Што адбываецца ўнутры канфесіі, даследчыкі глядзяць па развіццю мясцовай іканапіснай традыцыі, архітэктуры. Вельмі важна даследваць сакральнае аблічча краіны, якое мяняецца на вачах. Напрыклад, сонца-крыжы, традыцыйныя для беларускіх святыняў усіх канфесій, знікалі, але цяпер на каталіцкіх касцёлах яны вяртаюцца – гэта тое, што адрознівала беларускі культурны ландшафт ад іншых краін.

Падарожжаў пакуль адбылося няшмат, паколькі рыхтаваць іх цяжка, але планы ў арганізатараў вельмі вялікія. Запрашаюцца да падарожжаў усе ахвотныя – ад навукоўцаў да студэнтаў, школьнікаў, пенсіянераў.

Павел Міцкевіч.

для друку для друку