Вернікі з Жодзіна і Глыбокага здзейснілі пілігрымку ў Марыйны Санктуарый у Ліхені

Пілігрымку арганізавала парафія Маці Божай Фацімскай у Жодзіне, і ў сувязі з наяўнасці вольных месцаў, запрасілі глыбачан.

45-асабовая група разам з кіраўніком а. Міхаілам Цвячкоўскім МІС першы прыпынак зрабіла ў Мар’янках – гэта мясцовасць, у святыні якой знаходзіцца труна з бл. Станіславам Папчынскім, заснавальнікам ордэна Марыянаў. Там наведалі музей і паглядзелі фільм пра святога марыяніна,прынялі ўдзел у св. Імшы праз заступніцтва бл. Станіслава, а затым пілігрымы накіраваліся ў кляштар сясцёр эўхарыстак у Гуру Кальварыю, дзе групу з вялікай радасцю, шчырымі абдымкамі і цёплай усмешкай сустрэла настаяцельніца с. Зоф’я Грыгатовіч, якая яшчэ некалькі год таму служыла ў Беларусі. Там жа пілігрымы падсілкаваліся абедам. Напрыканцы дня прыбылі да мэты пілігрымкі і, пакінуўшы рэчы ў Доме пілігрыма, накіраваліся ў святыню, каб пакланіцца Маці Божай Ліхеньскай у цудоўным абразе.

Крыжовы шлях на мясцовай Кальварыі, экскурсія, наведванне папскіх апартаментаў, у якіх пражываў св. Ян Павел ІІ падчас наведвання Ліхеня, Апэль з закрыццём цудадзейнага абраза, ружанцовая малітва, арганны канцэрт, працэсія святла, ранішнія св. Імшы – узмацнілі духоўна беларускіх пілігрымаў.

У перадапошні дзень група пабывала з экскурсіяй у Познані. На зваротным шляху наведалі касцёл святога Антонія Падуанскага ў польскім мястэчку Сакулка (Беластоцкае ваяводства), дзе ў кастрычніку 2008 года здарыўся Эўхарыстычны цуд. Асвечаная (Перамененая) Гостыя ператварылася ў мышачную тканку чалавечага сэрца — жывога і церпячага, якое знаходзіцца ў стане агоніі.

Марына Сінкевіч, тэкст і фота

для друку для друку