Вернікі з вёскі Германавічы здзейснілі пілігрымку да капліцы Святой Альжбеты

У Германавіцкай парафіі Перамянення Пана існуе традыцыя паломніцтва да капліцы Святой Альжбеты, якая знаходзіцца ў былой вёсцы Бальнова (Шаркаўшчынскі раён).

Як сведчаць архіўныя звесткі, якія маюцца ў кнізе Аляксандра Адамковіча “Вёска Германавічы, Зорка (Сініцы) і ваколіцы (да 1939 г.)”, гэта вёска ў 80-х гадах XIX стагоддзя належыла памешчыцы Юліі Акушкі. Няма дакладнай даты ўзвядзення гэтай святыні, але ёсць гістарычныя дадзеныя аб тым, што ў 1881 годзе яна была адноўлена, а ў 1927 годзе быў зроблены маленькі хор. У алтары знаходзіцца абраз Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі, які ахвяравала пані Данейкава. Такім чынам, можна меркаваць, што ўжо больш чым паўтара стагоддзя гэта капліца збірае вернікаў, каб яны маглі пачуць Слова Божае.

Першага чэрвеня бягучага года ў сем гадзін раніцы 36 парафіян сабраліся каля Германавіцкага касцёла Перамянення Пана. Ксёндз Ян Пугачоў удзяліў пілігрымам бласлаўленне, і ўсе рушылі ў шлях, хоць і не вельмі далёкі, але такі важны для кожнага, поўны роздуму аб веры, аб жыцці, аб сваіх учынках. Мы, людзі старэйшага ўзросту, моладзь, дзеці, “шчыра адкрыўшы ўсе душы”, ішлі са сваім інтэнцыямі, спадзяваннямі, просьбамі і ўдзячнасцю да Пана Бога і Яго Найсвяцейшай Маці.

Ішлося лёгка, спакойна і пабожна, як трапна сказаў ксёндз Валерый Орсік, які раздзяліў з намі радасць гэтай пілігрымкі. Мы ўважліва слухалі канферэнцыю, якую ён прамаўляў, маліліся ружанец, літанію да Найсвяцейшай Панны Марыі. Адчувалася сапраўдная еднасць. Кіраўнік касцёльнага хору Святлана Міхайлаўна Лагун распачынала адзін за другім спевы, якія падхоплівалі пілігрымы, і, здавалася, сама прырода разам з намі праслаўляла Езуса.

Ранішні час у вёсцы поўны клопатаў. Хтосьці ў гэты дзень ішоў на працу, настаўнікі і выпускнікі школы спяшаліся на першы экзамен. Усе, хто сустракаўся нам на шляху, віталі пілігрымаў адкрытай, шчырай усмешкай або проста прывітальным узмахам рукі. Было прыемна адчуваць сябе носьбітамі гэтай агульнай радасці, якую мы неслі да святыні. У вёсцы Сталіца прывітаць пілігрымаў выйшла 90-гадовая парафіянка Генавефа Юзэфаўна Далевіч. Сустрэча з ёй прыдала нам новыя сілы. Праз паўгадзіны ўдалечыні мы ўбачылі блакітны храм у промнях сонца – капліцу Святой Альжбеты. Святую Імшу цэлебравалі ксёндз Ян Пугачоў і ксёндз Валерый Орсік.

Казанне прамовіў Ганаровы Канонік Віцебскай Катэдральнай Капітулы ксёндз Валерый, які проста і зразумела распавёў нам аповед пра адведзіны Марыяй дому Захарыя і Альжбеты, пра тое, што кожны чалавек павінен жыць з верай, з разуменнем, што Езус Хрыстус дае нам сілу, узмацняе нас духоўна. У нашай парафіі добра ведаюць ксяндза Валерыя як добрага прамоўцу, словы якога прымушаюць да роздуму над сваімі ўчынкамі, адносінамі да блізкіх, знаёмых, суседзяў. Мы ўдзячныя яму за ўдзел у пілігрымцы, падтрымку і прамову, да якой мы не раз звернемся ў сваіх думках.

Пасля св. Імшы ўсе парафіяне сталі ўдзельнікамі працэсіі вакол капліцы і на заканчэнне праспявалі спеў “Цябе, Бога праслаўляем”. На працягу ўсёй пілігрымкі святары ўдзялялі сакрамант споведзі.

Напрыканцы свята вернікі былі запрошаны на тэматычную канцэртную праграму, якую падрыхтавалі самадзейныя артысты Сталіцкага сельскага клуба, а парафіяне з вёскі Сталіца частавалі пілігрымаў рознымі прысмакамі.

Ксёндз Ян Пугачоў падзякаваў усім удзельнікам і арганізатарам пілігрымкі, а мы, вернікі, вельмі ўдзячныя нашаму ксяндзу за тое, што ён імкнецца данесці Слова Божае да кожнага, скіроўвае нашыя думкі і дзеянні на тое, каб Езус кожны дзень нараджаўся ў нашым сэрцы, і мы знаходзілі час на размову з ім – на малітву. Для нас ксёндз Ян – прыклад паважлівых адносін да духоўнай і матэрыяльнай спадчыны. Ужо ў пяты раз ён арганізаваў пілігрымку ў Бальнова, традыцыя якой зарадзілася яшчэ ў мінулым стагоддзі. Наш святар таксама клапоціцца пра тое, каб дакладна аднавіць гісторыю касцёла Перамянення Пана і вёскі Германавічы.

З павагай і пашанай дзякуем ксяндзу Яну за моц веры, якая, нібы светлы прамень, пранікае ў душу кожнага, за тое, што запальвае агонь любові да Бога ў сэрцах нашых дзяцей. Шчырасць, ахвярнасць, цярплівасць, спагадлівасць нашага святара з’яўляецца добрым узорам для нас усіх.

Зусім нядаўна ксёндз Ян Пугачоў быў прызначаны дэканам Шаркаўшчынскага дэканату і карыстаючыся выпадкам, мы віншуем яго з гэтай падзеяй, жадаючы Божай дапамогі і бласлаўлення ў шматлікіх справах і пачынаннях, моцнага здароўя, адданых вернікаў і поспехаў на святарскай ніве.

Вернікі парафіі Перамянення Пана ў вёсцы Германавічы

для друку для друку