- Каталіцкі Веснік - http://catholicnews.by -

Вернікі з Віцебска здзейснілі аўтобусную пілігрымку ў Будслаў праз святыні Віцебшчыны

vicebsk-budslau47 [1]Пілігрым – гэта чалавек, які падарожнічае па святых мясцінах. Вось сёлета з Віцебска ў Будслаўскі санктуарый адправілася 4 групы пілігрымаў: пешая, на роварах і дзве групы на аўтобусах.

У кожнай групы быў свой асабісты маршрут. Аўтобусная пілігрымка з катэдры Езуса Міласэрнага, 22 вернікі разам з законнымі сёстрамі Крысцянай і Мажэнай, перш чым трапіць у Будслаў, вырашылі наведаць святыні Віцебшчыны.

Першым прыпынкам стаў старажытны Полацк, былая сталіца Княства Полацкага. Гэты горад вельмі багаты на розныя гістарычныя падзеі і тут шмат помнікаў. Адным з такіх помнікаў з’яўляецца жаночы праваслаўны Спаса–Ефрасіннеўскі манастыр. Калі мы аглядалі Крыжаўзвіжанскі сабор, весела і гучна загучалі званы. Якраз у гэты момант у манастыр з Санкт–Пецярбурга прыехаў празарлівы старац, мітрафорны пратаірэй Іаан Міронаў, настаяцель храма ў гонар абраза Божай Маці “Неўпівальная чаша”.

Зайшоўшы ў сабор, каб пакланіцца рэліквіям святой Ефрасінні Полацкай, старац Іаан сустрэўся з намі. Ён першым падышоў да нашых манахінь і першым падаў ім руку для прывітання. Сёстры пазней прызналіся, што былі вельмі здзіўлены і вельмі ўзрадаваны тым, што такі вядомы ў рускім праваслаўным свеце і такога сталага ўзросту (мае 90 гадоў) чалавек першым прывітаў каталіцкіх манахінь.vicebsk-budslau06 [2]

У Полацку мы таксама наведалі Сафійскі сабор і касцёл святога Андрэя Баболі, дзе ксёндз Францішак Кісель распавёў нам пра гісторыю храма.

Далей наш шлях ляжаў на Глыбоччыну. Вёска Мосар, дзе знаходзіцца касцёл Святой Ганны і вядомы ва ўсёй Беларусі Санктуарый Святога Юстына. Аглядзеўшы ўсю гэту прыгажосць і пакланіўшыся магіле ксяндза–прэлата Юзафа Булькі, стваральніка ўсёй гэтай прыгажосці, мы адправіліся далей.

Наступным прыпынкам быў касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў вёсцы Удзела. Касцёл знаходзіцца пад апекай ордэна францішканаў. У падвалах храма створана вельмі цікавая фотавыстава, якая распавядае аб дзейнасці ордэна ў розных кутках свету.

На нашым шляху знаходзілася яшчэ адна святыня Віцебшчыны – касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў Докшыцах. Айцы–капуцыны, якія апякуюцца гэтай парафіяй распавялі пра гісторыю свайго храма.

Пасля мы адправіліся ў Параф’янава да касцёла Імя Найсвяцейшай Панны Марыі. Пробашч гэтага касцёла – ксёндз Раман Мурзіч — раней быў пробашчам віцебскай парафіі Езуса Міласэрнага. Таму наш прыезд вельмі ўзрадаваў кс. Рамана. Пасля вячэрняй Імшы мы накіраваліся ў госці да яго, дзе нас чакаў вельмі смачны пачастунак, які прыгатаваў ветлівы гаспадар. У гасцях добра, але трэба кіравацца далей.

vicebsk-budslau46 [35]

Вось і Будслаў, месца дзе знаходзіцца Абраз Найсвяцейшай Панны Марыі Будслаўскай, якая з’яўляецца галоўнай апякункай усіх католікоў Беларусі. У гэтым годзе адбылося святкаванне 25-годдзя заснавання Мінска–Магілёўскай мітраполіі. Таму гасцей было вельмі шмат.

Шчыра дзякуем арганізатарам, законным сёстрам і ўсім пілігрымам за гэты цудоўны, пазнавальны і малітоўны час нашай вандроўкі.

Анатоль Бандарчук–Вошлаў, тэкст і фота