Вернікі з Плюсаў: “Мы і ўявіць сабе не маглі, што будзем хаваць свайго пробашча”

12 лютага ў Плюсах Браслаўскага дэканату развіталіся з пробашчам парафіі Святой Тройцы ксяндзом Казімірам Акушкам, які адыйшоў да Пана 9 лютага.

Святар нарадзіўся 21 кастрычніка 1959 года ў вёсцы Паляны Гудагайскай парафіі Гродзенскай дыяцэзіі. Бацькі былі шчырымі вернікамі, гэта і паўплывала на яго рашэнне стаць святаром. Трэба адзначыць, што ў тыя часы прыняць такое рашэнне было няпроста.  Ва ўзросце 27 гадоў Казімір Акушка паступіў у Вышэйшую Духоўную Семінарыю ў Рызе. Святарскае пасвячэнне атрымаў 19 мая 1991 года ў Гродне з рук арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча. У Плюсах прайшла асноўная частка святарскага служэння ксяндза Казіміра.

Якім запомніўся святар вернікам? “Каталіцкі Веснік” пагутарыў са старшынёй парафіяльнай рады ў Плюсах Уладзімірам Сташанам і верніцай гэтай парафіі Ірынай Беспразванай.

– Ён прыехаў да нас у 2002 годзе, – кажа Ірына. – Больш за 16 гадоў адслужыў у нас. Быў тут для нас як свой. Заўсёды быў вясёлы, меў добрае пачуццё гумару. Ён любіў людзей, быў чалавек просты, які заўсёды гатовы дапамагчы.

А яшчэ яму падабалася, калі былі рэлігійныя святы, і ў касцёле было шмат людзей. Ён заўсёды тады дзякаваў вернікам, што прыйшлі ў храм.

– Заўсёды ўспамінаў тых, хто яму дапамагаў, – працягвае Уладзімір Сташан. – Кожную нядзелю ўспамінаў тых, хто яму хоць нейкую дапамогу аказаў. Маліўся за ўсіх. Да кожнага меў свой падыход. Любіў паразмаўляць з людзьмі аб іх справах.

– За кожную паслугу дзякаваў людзям, за ўсе тыя прадукты, што з ім дзяліліся.  Можна сказаць, проста кланяўся ўсім кожную нядзелю за гэта, – успамінае Ірына Беспразваная.

– Даўно ён хварэў? Была якая цяжкая хвароба?

– Не. Толькі апошнім часам быў прыхварэўшы, недзе больш за месяц таму, – успамінае Уладзімір Сташан, – лячыўся ён больш сам, сваімі сродкамі. Трэба сказаць, не вельмі ён любіў да дактароў звяртацца.

– Так, не любіў ён, каб яго даглядалі, – працягвае спадарыня Ірына. – Мы і ў думках не дапускалі, што ўсё так хутка можа скончыцца. Ён казаў, колькі мне Бог даў, толькі пахварэю, вылечуся.

– Яму ж яшчэ і шасцідзесяці няма. Вельмі актыўны быў, не сядзеў на месцы. Літаральна два месяцы пахварэў толькі, – кажа пра свайго пробашча спадар Уладзімір.

– Гэта вялікі ўдар для нашай парафіі, – адзначае Ірына, – Мы і ўявіць сабе не маглі, што будзем хаваць свайго пробашча.

– Гэта было яго жаданне быць пахаваным каля касцёла?

– Не! Што вы?! – пярэчыць спадарыня Ірына. – Такой размовы нават не вялося. Так вырашылі ўжо пасля яго смерці. Біскуп прыняў такое рашэнне, парафія гэта падтрымала. Як я ўжо казала, мы не думалі, што нашага ксяндза Казіміра будзем хаваць тут, каля храма. Нават і думак такіх у нас не было. Ён жа яшчэ адносна малады быў.

– У нас і старэйшыя ксяндзы працавалі, – працягвае Уладзімір Сташан, – але з’язджалі ад нас. Адзін памёр ужо ў Польшчы.

Так атрымалася, што ксёндз Казімір Акушка назаўсёды застаўся ў Плюсах. Яго пахавалі каля касцёла, побач з магілай пробашча гэтай парафіі ксяндза Пятра Вайцякунаса, які памёр у 44 гады амаль стагоддзе таму, у 1920 годзе.

– Вялікая парафія ў Плюсах?

– Была вялікая, – кажа Ірына Беспаразваная, – але цяпер на шмат зменшылася. Старэйшыя людзі паміраюць, моладзь выязджае. Мала моладзі ў нас.

Уладзімір Сташан працягвае:

– Калі па тэрыторыі браць, то яна вялікая. Шмат вёсак у яе ўваходзіла, больш за трыццаць.  Але вёскі знікаюць.

– У вас побач мяжа з Латвіяй. Яна ў вас тут адкрытая?

– Так, – адказвае Ірына, – у выходныя прыязджаюць людзі. На Імшу нават прыязджалі. Бо шмат родных нашых жыве тут за мяжой. Яны добра ведалі ксяндза Казіміра, тут шмат чые сваякі пахаваныя. Людзі прыязджалі маліцца за іх. І ксёндз таксама за іх маліўся, ён шмат каго ведаў з латышскага боку. Заўсёды вельмі рады быў ім, гучна вітаў іх у касцёле.

Са смерцю свайго пробашча парафія ў Плюсах асірацела. Застаецца вялікім пытаннем, ці з’явіцца тут свой пробашч. Хутчэй за ўсё, у бліжэйшы час не. Бо як адзначыў біскуп Алег на пахаванні ксяндза Казіміра: “Зараз я не магу адназначна адказаць вам, ці будзе ў вас свой святар. Маем гэта прасіць у малітве”. Зараз у дыяцэзіі не хапае святароў, таму пакуль хтосьці са святароў будзе даязджаць сюды на Імшу. Хоць ехаць сюды з таго ж Браслава не так і блізка, амаль трыццаць кіламетраў. Вернікі сумна жартуюць, што сюды лягчэй даехаць святару з суседняй Латвіі, калі б не было гэтай мяжы.

Лёс храма ў Плюсах быў няпросты. Пабудаваны напачатку ХХ стагоддзя, ён быў асвечаны ўжо падчас Першай сусветнай вайны, у 1915 годзе. У гэты час парафія ў Плюсах стала самастойнай адзінкай. Але Другая сусветная вайна не пашкадавала храм: была разбураная вежа, а пасля вайны камуністычныя ўлады храм у вернікаў забралі. Не шкадаваў лёс і святароў: ксёндз Ян Жук быў вывезены з часткай сваіх парафіянаў у Сібір у 1941 годзе, яго наступнік ксёндз Францішак Більша быў арыштаваны камуністамі ў 1949 годзе.

Касцёл быў вернуты парафіянам толькі ў 1989 годзе. Храм адрамантавалі і паўторна асвяцілі ў 1991 годзе. З той пары тут увесь час працавалі святары і гучала Божае слова.

Зараз, як і паўсюль у Беларусі, імкліва змяншаецца колькасць сельскага насельніцтва. Старэйшыя людзі паміраюць, моладзь у пошуках лепшай долі з’язджае ў гарады, а то і наогул з краіны. З’язджае, хоць вакол вельмі прыгожыя, проста казачныя мясціны. Касцёл у Плюсах перажыў дзве сусветныя вайны, адрадзіўся пасля перыяду ваяўнічага атэізму, пытанне толькі, ці выстаіць храм у наш мірны час. Застаецца толькі маліцца Богу і спадзявацца, што людзі адсюль не з’едуць, і гэты край канчаткова не апусцее.

Зміцер Лупач, тэкст
Марына Сінкевіч, фота

для друку для друку