Вернікі з Мар’інай Горкі і Рудзенска здейсенілі падарожжа да Каралевы Палесся

У пятніцу 21 жніўня 2020 года з поўначы і поўдня Беларусі, сустракаючыся высока ў небе, ляцелі галасы малітвы да Маці Божай. Сярод іх былі і нашы, парафіянаў касцёлаў святога Антонія Падуанскага  (г. Мар’іна Горка) і святых апосталаў Пятра і Паўла (г.п. Рудзенск).

Мы вырушылі ў пілігрымку да Маці Божай Лагішынскай начале з кс. Генрыхам Кучынскім. Некалькі гадзін дарогі з малітвай і спевамі праляцелі ў імгненне, і вось ужо перад намі расчынена брама Вышэйшай духоўнай семінарыі імя Святога Тамаша Аквінскага у Пінску, змешчаная ў чароўных будынках былога манастыра францысканаў пры Кафедральным касцёле. Вялікі дзякуй рэктару семінарыі кс. Андрэю Рылка, які асабіста сустракаў нас і гасцінна пачаставаў. Прыбыўшы у Пінск, асабліва ў семінарыю, мы не маглі абмінуць постаці мужоў касцёла на Беларусі – Слугі Божага кс. біскупа Зігмунда Лагінскага і кс.кардзінала Казіміра Свентэка.

Атрымаўшы асалоду ад вандровак па чароўным вулачкам сталіцы Палесся, дзе амаль кожны дом з’яўляецца гістарычна-культурнай каштоўнасцю, у суботу мы працягнулі свой шлях да Маці Божай Каралевы Палесся у Лагішын. Святую Імшу, на якую, дарэчы, прыбылі пілігрымы з Бярозы, Ляхавічаў, Баранавічаў, Івацэвічаў, Брэста, Пінска, узначаліў кс. біскуп Юзаф Станеўскі, а ў гаміліі да прысутных звярнуўся кс. біскуп Казімір Велікаселец, які сёлета адзначае юбілейны год свайго жыцця.

Словы пастыра, у першую чаргу, былі скіраваны да бацькоў і молодзі аб неабходнасці будаваць жыццё на падмурках хатняга касцёла, імкнуцца зберагчы чысціню веры, працягваць сваю адукацыю з Богам. На заканчэнні Святой Імшы кс. біскуп Юзаф Станеўскі выканаў спеў народнай украінскай песні, словы якой ён асабіста пераклаў на беларускую мову. Гэты спеў, які крануў сэрцы ўсіх прысутных, кс. біскуп прысвяціў нашым матулям начале з Маці Божай Каралевы Палесся. Пасля заканчэння Святой Імшы парафіяне арганізавалі салодкі пачастунак усіх пілігрымаў і ўдзельнікаў набажэнства, а сябры гурта “Ты і я” аздобілі яго гучнымі і вясёлымі спевамі на хвалу Пана Бога.

Падсілкаваўшыся фізічна і духоўна, мы развіталіся з Лагішыным і яго гасціннымі жыхарамі. Атрыманы ўзнёслы настрой будзе з намі як дапаможнік годнага выкання сваіх штодзённых абавязкаў.

Алёна Шчэмелева

для друку для друку