Кожны чалавек чакае свята, аднак у гэты зімовы перыяд ёсць адно асаблівае – свята Божага Нараджэння. У касцёле Святога Станіслава ў в. Далёкія перад cвятой Імшой 24 снежня адбылося святочнае прадстаўленне, якое дапамагло пагрузіцца ў атмасферу таго часу, калі Свет чакаў прыйсця Збаўцы.
Дзецьмі нашай парафіі была выканана батлейка, якая апавядала пра нараджэнне Дзіцятка Езуса. Пасля святой Імшы апоўначы ўсе вернікі падзяліліся адзін з адным аплаткам, просячы прабачэння і складаючы пажаданні.
Ёсць у парафіі яшчэ адна традыцыя: вітаць надыходзячы новы каляндарны год святой Імшой апоўначы 31 снежня. За паўгадзіны да поўначы ў касцёле адбылася адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту, як магчымасць падзякаваць Богу за пражыты год. Заўсёды знаходзяцца тыя, хто прыходзіць у гэты час на супольную малітву, адзін або ўсёй сям’ёй, таму што Бог заўсёды дае чалавеку магчымасць выбару. Напрыканцы Эўхарыстыі пробашч парафіі кс. Анджэй Бочар усім прысутным удзяліў благаслаўленне словамі з кнігі Лічбаў: “Няхай благаслаўляе цябе Пан і аберагае цябе! Няхай Пан распраменіць сваё аблічча над табой і адорыць цябе ласкай. Няхай Пан скіруе на цябе свой погляд і адорыць цябе мірам”. Гэтыя словы сапраўды з’яўляюццы найлепшым пажаданнем на пачатак новага года.
Ірына Высоцкая, тэкст
Эмма Станкевіч, фота