Вернікі з Браслава наведалі Горад Міласэрнасці

16 лістапада, калі Касцёл адзначае літургічны ўспамін Маці Божай Міласэрнасці, парафіяне з Браслава здзейснілі пілігрымку ў Вільню, дзе ўзялі ўдзел ва ўрачыстай святой Імшы на беларускай мове.

Сталіцу Літвы называюць Горадам Міласэрнасці, бо менавіта тут, у 1934 годзе з-пад пэндзля мастака Яўгена Казіміроўскага паўстаў вядомы на ўвесь свет абраз Езуса Міласэрнага. Менавіта тут Езус прадыктаваў святой сястры Фаўстыне Вяночак да Божай Міласэрнасці. І тут упершыню адзначылі свята Божай Міласэрнасці. На той час, можа, не ўсімі усвядомленае, калі блаславёны Міхал Сапоцька ў першую нядзелю пасля Вялікадня 1935-га года прамаўляў у Вастрабрамскай капліцы, і ў адным з яе акон быў змешчаны абраз з надпісам ”Езу, давяраю Табе”.

На вуліцы Грыбо 29А захаваўся будынак, дзе жыла сястра Фаўстына. І ў першую чаргу пілігрымы адправіліся туды. На месцы яе ложка цяпер знаходзяцца рэліквіі, а побач – рэліквіі яе спаведніка ксяндза Міхала Сапоцькі. У гэтым святым месцы людзі на розных мовах моляцца Вяночак да Божай Міласэрнасці. Таксама зрабілі і браслаўчане.

Пакланіўшыся абразу Маці Божай Вастрабрамскай, наведалі грэка-каталіцкую царкву Святой Тройцы, дзе калісьці працаваў апякун Віцебскай дыяцэзіі святы Язафат Кунцэвіч. У былым кляштары айцоў базыльянаў, што складае архітэктурнае адзінства з царквой, асобы і гістарычныя падзеі пакінулі свой след. Як кажуць шыльды на будынках, тут калісьці была Першая Беларуская Гімназія, дзе вучыліся Максім Гарэцкі, Наталля Арсеннева і будучы ксёндз Адам Станкевіч. У іншым будынку мясцілася царская турма, дзе знаходзіўся пад арыштам Адам Міцкевіч разам з іншымі студэнтамі Віленскага ўніверсітэта, сябрамі суполкі філаматаў. І хоць прайшло шмат часу, памяць пра мінулае асвятляе сучаснасць і сцежкі будучыні. Прынамсі, такія думкі насоўваюцца, калі гляджу на фота гадзіннікавага ліхтара, які стаіць каля былой вязніцы. І несумненна, раскрыленая птушка павінна быць знакам Святога Духа, Які чувае над дзеямі чалавецтва ў канкрэтным месцы і ў канкрэтным часе

Наведаўшы Санктуарый Божай Міласэрнасці з арыгінальным абразам “Езу, давяраю Табе”, мы вярнуліся да Вострай Брамы, дзе разам з іншымі вернікамі ўдзельнічалі ў святой Імшы. Літургію ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. У сваёй гаміліі іерарх падкрэсліў як важна для кожнага верніка ў штодзённым жыцці аддавацца апецы Божай Маці. Яна – найкарацейшая сцежка да Езуса. І нездарма на франтоне Вострай Брамы змешчаны старадаўні лацінскі надпіс “Тваёй абароне аддаёмся”. Гэта самая старажытная малітва да Багародзіцы, ужываная ўжо ў трэцім стагоддзі пасля нараджэння Хрыста. Марыя заўсёды прысутнічала ў жыцці сваіх дзяцей, асабліва ў цяжкія моманты. Пачынаючы ад вяселля ў Кане Галілейскай, калі не хапіла віна, і да сёння Яна нястомна клапоціцца, аберагае, папярэджвае аб небяспецы. Людзі не заўсёды Яе слухаюць, бунтуюцца, хочаць самі будаваць свой лёс і перажываюць духоўную катастрофу, забываючыся, што Езус з’яўляецца Дарогай, Праўдай і Жыццём. Жывучы так, быццам Бога няма, чалавек сам стварае сабе пекла на зямлі. І толькі Божая міласэрнасць захоўвае гэты свет ад поўнага знішчэння.

Напрыканцы, Мітрапаліт звярнуўся непасрэдна да Марыі, Маці Божай Міласэрнасці, просячы, каб вымаліла ў Бога дабраслаўлення для беларускага народа, каб кожны беларус прыняў Езуса і Яго Евангелле і разам з Ім будаваў цывілізацыю жыцця і любові.

Вяртаючыся з урачыстасцяў у Вільні, маліліся Ружанец, дзякуючы за мінулы дзень, і адчулі дапамогу Багародзіцы, калі на дзіва хутка прайшлі латышска-беларускую мяжу. Марыя, Яна адна — ці Вастрабрамская, ці Браслаўская. Яна заўсёды Маці, поўная любові і міласэрнасці.

С. Іна Амельчанка SJE, waladarka.by

для друку для друку