- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Вернікі Беларусі ўшануюць памяць Вялікага Папы

[1]

Кс. Дзмітрый Пухальскі, канцлер курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі

У Беларусі пачалася падрыхтоўка да пілігрымкі ў Ватыкан з нагоды 100-годдзя з дня нараджэння св. Яна Паўла ІІ, — паведаміў кс. Дзмітрый Пухальскі, канцлер курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Такім чынам католікі краіны аддадуць даніну пашаны першаму Пантыфіку славянскага паходжання, які змяніў Касцёл і свет. Чэнстахова, Вадавіцэ, Кракаў – на шляху ў Рым вернікі наведаюць шмат месцаў, звязаных з жыццём і дзейнасцю Караля Юзафа Вайтылы. Яны пераадолеюць тысячы кіламетраў, каб сустрэцца з братамі і сёстрамі з іншых краін на плошчы св. Пятра, дзе пройдуць галоўныя ўрачыстасці ў гонар Вялікага Папы, — расказаў падрабязнасці кс. Дзмітрый Пухальскі.

“Арганізатарам пілігрымкі з’яўляецца адна з парафій Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Пілігрымка будзе працягвацца 8 дзён, з 13 па 21 мая 2020 г., групы ўжо фарміруюцца, у залежнасці ад колькасці людзей, будзе арганізавана неабходная колькасць аўтобусаў. Плануецца, што пасля св. Імшы, якую на ватыканскай плошчы будзе цэлебраваць папа Францішак, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліць Эўхарыстыю ў адным з бліжэйшых да Ватыкана касцёлаў. Дзе гэта будзе, яшчэ не вядома. Але будзе св. Імша на беларускай мове, за Беларусь”, — паведаміў святар.

Увесь 2020 год у Каталіцкім Касцёле ў Беларусі прысвечаны св. Яну Паўлу ІІ. Так у краіне нагадваюць аб ролі Пантыфіка, дзякуючы рашэнням якога пачалося рэлігійнае адраджэнне ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. Рэхам юбілею ў Ватыкане хутка стануць урачыстасці ў гонар Маці Божай Будслаўскай, — паведаміў кс. Пухальскі.

“Урачыстасці ў Будславе 3-4 ліпеня 2020 г. пройдуць пад дэвізам “Totus tuus – Увесь твой” – гэта папскі дэвіз св. Яна Паўла ІІ. Падчас урачыстасцей, як звычайна, будуць цэлебравацца св. Імшы, будзе магчымасць пазнаёміцца з навучаннем Яна Паўла ІІ, якое, вядома, вельмі багатае: 14 энцыклік, шмат пасланняў, гэта сапраўды скарб Касцёла, які трэба вывучаць”, — паінфармаваў канцлер.

Спадчына святога Пантыфіка сапраўды багатая. Да гэтага часу яго словы, дзейнасць, жыццё застаюцца ўзорам і крыніцай натхнення для мільёнаў вернікаў. “Адчыніце дзверы Хрысту” – такі просты заклік Вялікага Папы прагучаў амаль 40 гадоў таму, але актуальны і сёння.

Беларуская рэдакцыя [2] Vatican News