Вернік з Браслаўшчыны зрабіў незвычайны кветнік сваімі рукамі

Амаль дзесяць гадоў красуе незвычайны кветнік у браслаўскай вёсцы Слабодка. А належыць ён старасту населенага пункта Пятру Віткоўскаму. Перад домам старасты нярэдка затрымліваюцца вяскоўцы, жыхары з суседніх вёсак, прыпыняюцца і турысты, якіх улетку нямала. Слабодка — разынка краю Браслаўскіх азёр, не выпадкова тут шмат вандроўнікаў. Немагчыма адвесці вачэй ад кветніка, як немагчыма не звярнуць увагі на высокі драўляны крыж, які нібыта ўладарыць над «райскім кутком». Адразу відаць, з якой стараннасцю і любоўю слабодкаўскі стараста шчыраваў над лапікам зямлі! Садова-ландшафтная кампазіцыя, якую ён стварыў, пачынаецца (альбо завяршаецца) фігурай Божай Маці на мураваным пастаменце, бо гэты неўміручы сімвал святасці нагадвае пра вечныя ісціны дабрыні і міласэрнасці.

slabodka

Адметнасць Слабодкі ў тым, што большасць яе жыхароў — каталікі. На скрыжаваннях вуліц стаяць ахоўныя крыжы. Над вёскай узвышаецца белы касцёл — архітэктурная жамчужына Паазер’я. Па ўсім відаць, што слабодкаўцы шануюць сваю веру. Няма нічога дзіўнага і ў тым, што Пётр Віткоўскі таксама з асаблівай пашанай ставіцца да яе. Ён адзін з першых вяскоўцаў вітаў вяртанне рэлігіі ў грамадства, дапамагаў святарам будаваць агароджы вакол касцёлаў, узводзіў пастаменты для хрысціянскіх сімвалаў і скульптур. Першы з вяскоўцаў, пад вокнамі свайго дома ён збудаваў невялікую сакральную пляцоўку, паведамляе zviazda.by.

slabodka1

— Сумна жыць без кветак, без прыгажосці, без усмешак на тварах вяскоўцаў, — кажа 77-гадовы гаспадар сядзібы, калі мы завялі размову пра сэнс яго занятку. — Праца на сваім падворку дае бадзёры настрой, натхненне, нараджае творчыя фантазіі. Хочацца рабіць нешта незвычайнае, каб радаваць сябе і іншых. Прыйшоў час, каб жыхары клапаціліся пра аблічча сваёй вёскі, імкнуліся зрабіць яе найпрыгажэйшым населеным пунктам у раёне, — без аніякага пафасу кажа пенсіянер.

Ствараючы свой кветкавы аазіс, Пётр Іосіфавіч праявіў сябе і як скульптар. У кампазіцыі кветніка вылучаецца фігура аленя. Цікава, гаспадар без аніякай падрыхтоўкі распачаў гэту творчую работу. У вольнай трактоўцы аўтара цэментны алень атрымаўся гэткім мульцяшным, з ганарыстым выглядам, што робіць скульптуру прыкметнай і цікавай для любога наведвальніка.

Замахнуўся творца і на «птушыную» тэму. Дзвюх нясушак і пеўніка са свайго падворка ўвекавечыў па просьбе жонкі. Спачатку зрабіў драцяныя каркасы, заліў іх вадкім цэментам, а калі цэмент зацвярдзеў, пачаў ювелірную работу. Гэтак было і з лебедзямі, і з чырванадзюбымі бусламі.

— «Жывы куток» заўсёды выклікае асаблівы інтарэс у дзяцей і ў дарослых, планую папоўніць сваю калекцыю самым вялікім драпежнікам нашых лясоў — мядзведзем, — дзеліцца творчымі задумамі крэатыўны стараста.

для друку для друку