Верхнядзвінскі рух «Маці ў малітве» адзначыў гадавіну свайго існавання пілігрымкай у Браслаў (сведчанне адной з удзельніц)

13 кастрычніка ў маім жыцці адбылася падзея, якая напоўніла маё сэрца, а таксама сэрцы ўсіх маці, якія наведвалі Браслаўскі санктуарый Маці Божай Валадаркі азёраў, найвялікшай светлай радасцю, шчасцем, цудоўным настроем і самымі яскравымі ўражаннямі. Наш пробашч, ксёндз Аляксандр Грыцкевіч, арганізаваў аўтобусную пілігрымку для членаў супольнасці “Маці ў малітве” на духоўную сустрэчу ў Браслаўскі касцёл. Сімвалічна, што Верхнядзвінская супольнасць жанчын, якія супольна моляцца за сваіх дзяцей, была створана год назад і такім чынам вырашыла адзначыць свой дзень нараджэння.

Для мяне, асабіста, гэтая паездка была хвалюючай і цікавай яшчэ таму, што я адведвала сваю Малую Радзіму, Браслаўшчыну, якую вельмі люблю і якой вельмі ганаруся. Як праехалі мяжу Браслаўскага раёна, маё сэрца радасна затрымцела, нават слёзы з’явіліся ў вачах, ад пачуцця ўдзячнасці Богу за тое, што яшчэ раз дакранаюся да вытокаў. Для мяне гэта найцудоўнейшы край нашай Беларусі, дзе жывуць добразычлівыя, лагодныя і веруючыя людзі.

Асабліва ўзнёслым быў момант, калі мы ўкленчылі перад цудадзейным абразом Маці Божай Валадаркі Азёраў. Здавалася, што яна ахінула нас сваёй міласцю і пяшчотай, запрашаючы ў прыгожы і велічны Браслаўскі касцёл.

На пачатку мы ўдзельнічалі ў Святой Імшы разам з усімі прысутнымі, было шмат людзей, парафіян з дзеткамі і моладзь, якая ўпрыгожвала малітвы сваім спевам. Святую Імшу цэлебраваў ксёндз Адам Квяткоўскі, каардынатар браслаўскай  супольнасці “ Маці ў малітве”. Пасля Службы ксёндз Адам расказаў нам гісторыю з’яўлення абраза Маці Божай Браслаўскай і адказаў на нашыя пытанні.

Пасля мы сабраліся на супольную малітву пад кіраўніцтвам нашых духоўных настаўнікаў ксяндза Адама і ксяндза Аляксандра. А пасля малітвы нас чакаў салодкі стол і духмяная гарбата. Нефармальная абстаноўка спрыяла новым знаёмствам і цікавым гутаркам. Прыемным сюрпрызам, напрыканцы нашай сустрэчы, сталася гумарыстычная гісторыя пра Верхнядзвінскую прынцэсу, якую тэатральна прадставіў ксёндз Адам. Фіналам гісторыі стаў дружны смех і працяглыя апладысменты.

Так сталася, што ксяндза Адама я ведала завочна, калі перад цяжкай аперацыяй свайго брата тэлефанавала  браслаўскім святарам. На той момант у Браславе служыла некалькі ксяндзоў, але трубку тады ўзяў менавіта айцец Адам. Ён у той жа вечар наведаў майго брата і удзяліў яму святыя сакрамэнты. А потым падтрымліваў яго малітоўна. Аперацыя прайшла паспяхова, за што я вельмі ўдзячна гэтаму рупліваму і клапатліваму святару.

Пасля некалькі разоў была ў Браславе на ўрачыстасцях і вельмі хацела пазнаёміцца з ксяндзом Адамам і выказаць яму словы падзякі, але яго перавялі ў Віцебск. І вось Божы Провід захацеў пазнаёміць нас праз 9 гадоў. Я вельмі ўдзячная Богу за Яго бязмерныя ласкі ў маім жыцці.

А гэтая пілігрымка да Маці Божай Браслаўскай сталася для мяне ўмацаваннем веры і дала відавочны прыклад хрысціянскай еднасці. Я шчыра дзякую Богу і Найсвяцейшай Маці за любоў і міласэрднасць, супольнасці “Маці ў малітве” за мілітву і падтрымку, а таксама  кяндзам Адаму і Аляксандру за клопат аб нашых душах.

Ганна Рудлеўская, фота: Кс. Аляксандр Грыцкевіч

 

для друку для друку