Верхнядзвінская парафія далучылася да руху “Маці ў малітве”

У Дзень Маці, 14 кастрычніка, у парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў горадзе Верхнядзвінску вернікі сабраліся на нядзельную святую Імшу, каб памаціцца за сваіх матуль і падзякаваць Богу за дар мацярынства.

Адметнасцю гэтай Эўхарыстыі стала тое, што на святой Імшы разам з парафіянамі малілася спадарыня Людміла Губіна, каардынатар руху “Маці ў малітве” у Беларусі.

Рух “Маці ў малітве” узнік у Англіі ў 1995 годзе, але дзякуючы сваёй папулярнасці сярод хрысціянаў, хутка распаўсюдзіўся па ўсім свеце. У Беларусі таксама з кожным годам узрастае колькасць парафій, у якіх маці супольна ўзносяць малітвы за сваіх дзяцей. Бо кожная парафія – гэта сям’я, а ўсе хрысціянскія сем’і аб’ядноўвае адзіная маці – Найсвяцейшая Дзева Марыя. Менавіта праз рукі Багародзіцы нашыя малітвы ўзносяцца да нябеснага алтара.

Пасля святой Імшы спадарыня Людміла расказала пра дзейнасць руху “Маці ў малітве”, падзялілася сведчаннем з уласнага жыцця і заахвоціла стварыць супольнасць і ў верхнядзвінскай парафіі. Такое малітоўнае аб’яднанне будзе добрай падтрымкай для жанчын, якія імкнуцца ствараць хрысціянскія сем’і і выхоўваць дзяцей на высокіх маральных каштоўнасцях. Таксама супольная малітва і духоўная падтрымка будзе добрай дапамогай для тых маці, якія перажываюць цяжкія жыццёвыя сітуацыі.

Праз заступніцтва Найсвяцейшай Багародзіцы няхай рух “Маці ў малітве” і надалей развіваецца сярод хрысціянскіх маці ў нашай Бацькаўшчыне, а верхнядзвінская парафія, якая ўрачыста далучылася да гэтага аб’яднання, будзе падтрымліваць і развіваць добрыя традыцыі гэтай супольнасці.

кс. Аляксандр Грыцкевіч

для друку для друку