Велікапосныя рэкалекцыі прайшлі ў смаргонскай парафіі

Велікапосныя рэкалекцыі прайшлі 23-25 сакавіка ў смаргонскай парафіі св. Міхала Арханёла. На працягу трох дзён сваім сведчаннем веры з парафіянамі дзяліўся кс. Юрый Марціновіч, які з’яўляецца адказным за сродкі масавай інфармацыі ў Гродзенскай дыяцэзіі.

У межах рэкалекцый для моладзі, дзяцей і маладых сем’яў парафіі праводзіліся асобныя сустрэчы з ксяндзом-рэкалекцыяністам.

Рыхтуючыся да свята Уваскрасення Пана, шмат вернікаў удзельнічала ў споведзі, аддаючы свае грахі міласэрнаму Богу. Старэйшыя і малодшыя парафіяне прымалі ўдзел у Крыжовым шляху, углядаючыся ў крыж Езуса і разважаючы над Яго Мукай, Смерцю і Уваскрасеннем.

Ксёндз Юрый, гаворачы пра велікапосныя рэкалекцыі, адзначыў: “Удзел вернікаў у традыцыйных рэкалекцыях, гэта магчымасць затрымацца на хвіліну, каб зачэрпнуць Божага паветра. Кожны самастойна, без прымусу, павінен адчыніць сваё сэрца на дзеянне Божай ласкі і ўпусціць у яго Божага духа. Рэкалекцыі даюць кожнаму верніку магчымасць абудзіць у сабе новага чалавека”.

Святар заахвочваў кожнага ўдзельніка рэкалекцый да прабуджэння на Пана Бога, які застаўся недзе на абочыне чалавечага жыцця, а таксама да прабуджэння на іншага чалавека, які патрабуе далоні, поўнай дабрыні, міласэрнасці, спачування або, вельмі часта, ціхай прысутнасці.

Рэкалекцыі прыносяць багаты плён не толькі парафіянам, але і той асобе, якая іх праводзіць. Пра сваё перажыванне рэкалекцый ксёндз Юрый распавёў наступнае: “Для мяне кожныя рэкалекцыі з’яўляюцца асаблівым часам. Заўсёды трэба да іх добра падрыхтавацца, на малітве распазнаць, што хацеў бы сказаць іншым людзям, чым падзяліцца. Гэта спосаб даць сведчанне аб тым, як я перажываю сваю веру, сваё штодзённае святарства. Гэта час узбагачэння і час навучання. Гэта час, калі я стараюся быць як мага бліжэй да людзей, каб добра зразумець, з якімі яны сутыкаюцца праблемамі, чым жыве наша моладзь і дзеці, як перажываюць сваё пакліканне маладыя сем’і”.

У апошні дзень рэкалекцый вернікі сабраліся ў святыні на ўрачыстасць Звеставання Пана.

Напрыканцы ксёндз-пробашч Алег Жураўскі SDB выказаў падзяку ксяндзу Юрыю за  правядзенне рэкалекцый і прамоўленае Божае Слова.

У сваю чаргу рэкалекцыяніст, дзякуючы смаргонскай парафіі, адзначыў: “Тут я пабачыў шмат дабра, адчуў вялікую любоў вернікаў. Думаю, што мне як маладому святару гэта было патрэбна — пабачыць жывы Касцёл, які не стаіць на месцы, але ідзе з духам часу!”

sdb.by

для друку для друку