З 27 па 29 сакавіка ў нарачанскай парафіі праходзілі велікапосныя рэкалекцыі, якія праводзіў ксёндз Юрый Павайба.
Падчас рэкалекцый праз споведзь, казанні, удзел у Крыжовых шляхах вернікі парафіі духоўна рыхтаваліся да свята Уваскрэсення Пана.
У межах рэкалекцый адбыліся спатканні ксяндза Юрыя з дзецьмі і моладдзю парафіі, паведамляе парафіяльны сайт. Пасля катэхезы для старэйшай моладзі парафіі быў праведзены біблійны конкурс, прысвечаны 500-годдзю Святой Тэрэзы Авільскай.
У суботу, 28 сакавіка, у дзень нараджэння Святой Тэрэзы Авільскай ксёндз Юрый у сваім казанні звярнуў увагу на жыццё рэфарматаркі ордэна кармэлітаў, акцэнтуючы ўвагу на тым, што яна не шукала лёгкіх шляхоў і праз церні дайшлада святасці. Пасля Святых Імшаў была праведзена малітва аб міры ва ўсім свеце праз заступніцтва Святой Тэрэзы ад Езуса.
Ксёндз-рэкалекцыяніст падарыў нарачанцам прыгожую сустрэчу з Панам Езусам і абудзіў свядомаць, што Вялікі пост – гэта час несупыннага адкрыцця крыніцаў веры і час адкрыцця нанова сябе праз Хрыста. Падчас рэкалекцый прыйшло разуменне, што можна інакш, лепш і дасканалей, жыць, што вера ў Бога знойдзе сваё жыццё ў любові да свайго бліжняга і ў прабачэнні.
