Велікапосныя рэкалекцыі адбыліся ў Мар’інай Горцы

marjina_gorka11Вялікі пост — гэта час, у якім чалавек праз шчырае абяцанне Богу быць лепшым, праз пэўную ахвяру з сябе, набліжаецца да Госпада. Гэта час, у якім душа жадае глыбей адкрыць сябе на Пана Езуса. Адзін са спосабаў наблізіць сябе да ўспрымання Божай ласкі і любові – гэта прыняць удзел у рэкалекцыях. Велікапосныя рэкалекцыі – гэта асаблівы час, калі ў чаканні Змёртвыхпаўстання Езуса чалавек найбольш адкрыты на Божае слова.

З 26 лютага па 1 сакавіка ў парафіі св. Антонія ў Мар’інай Горцы адбыліся традыцыйныя Велікапосныя рэкалекцыі. Сёлета іх правёў айцец Вітальд Жэльветро з Ліпнішак. Тэмай рэкалекцый у гэтым годзе сталі пытанні, якія неаднойчы задае сабе кожны чалавек:
— Хто такі Бог і дзе Ён ёсць?
— Хто такія Анёлы і кім ёсць д’ябал?
— Узаемаадносіны паміж мужчынамі і жанчынамі?
— Як захаваць добрую сям’ю?
— Як расціць у веры сваіх дзяцей? І інш.

Такім чынам, вернікі, якія штодня прысутнічалі на рэкалекцыях змаглі не толькі паглыбіць свае веды, але і знайсці адказы на хвалюючыя іх пытанні, узмоцніць сваю веру, паглядзець на сябе з Божага пункту гледжання.

Айцец Вітальд з’яўляецца сапраўдным узорам святара, ён шмат гадоў нясе людзям Божае слова, якое цудоўным чынам лечыць душы і целы вернікаў. Слухаючы яго навуку, цалкам паглыбляешся ў Святое Пісанне, душой адчуваеш яднанне з Езусам. Парафіяне былі вельмі ўражаны моцай харызмы, сілай пераканаўчага Божага слова, і глыбокай верай, якія рэкалекцыяніст з’явіў сваім слухачам. Часам былі бачны слёзы на вачах парафіян, якіх дакранула шчырасць слоў і пачуццяў святара.

Айцец Вітальд стараўся дапамагчы палячыць не толькі нашы душы, але і целы. Шмат карысных парадаў атрымалі ахвотныя вернікі ад айца Вітальда пасля святой Імшы ў закрыстыі. На ўласным прыкладзе айцец паказаў як шчырая малітва, моцная вера ў Бога і дагляд за сваім здароўем, могуць падоўжыць наша жыццё і зрабіць яго больш лагодным і прыемным, што ў сваю чаргу паспрыяе большай любові да Езуса.

Яшчэ адной вельмі прыметнай рысай сёлетніх рэкалекцый быў прыезд да нас двух “пеўчых” з заходняй Беларусі. Яны прыбылі з парафіі Святога Роха, што ў Палачанах каля Маладзечна. Там цяпер служыць Богу і людзям наш былы пробашч кс. Сяргей Бараўнёў. На першы погляд нічога асаблівага: ну прыехалі на рэкалекцыі дзве жанчыны, якія добра спяваюць касцельныя песні… Ну і што ж тут такога? Але асаблівасць гэтага візіту ў тым, што “пеўчымі” былі менавіта мужчыны! Спадары Раман Стужынскі і Валенты Шафаловіч. Нашы госці ўжо даволі ў сталым узросце, але ўсе прысутныя ў касцёле былі моцна здзіўлены такімі велічнымі, цудоўнымі галасамі. Вельмі моцна адчувалася, што кожны з іх спявае не толькі галасам, але душой і сэрцам. У выкананні нашых гасцей прагучалі асабліва ўзнёсла перад святой Імшой Gorzkie Żale, а таксама велікапосныя спевы на польскай мове. Здавалася, што паглыбляешся ў далёкае мінулае, у той час калі нам гэтыя песні спявалі нашы мудрыя, з ніцямі сівізны ў валасах бабулі… Паралельна выканання спеву нашых гасцей, на экране мультымедыйнага праектара можна было бачыць тэксты песень, якія гучалі. Тыя прысутныя, якія паходзяць з заходняй Беларусі, і польская мова для іх не чужая – з радасцю, актыўна ўключаліся ў літургічны спеў. Нават малыя дзеткі сціхалі і слухалі гэтыя спевы. Цуд. Радасць. Хвала Божая. Такія думкі, на маё меркаванне, былі не толькі ў маёй галаве, але і ва ўсіх шматлікіх слухачоў гэтых спеваў.

marjina_gorka01

Можна бясконца апісваць недасканалымі словамі нашы ўражанні ад адбыўшыхся рэкалекцый. Але толькі Бог бачыць усю глыбіню нашых пачуццяў. Мы вельмі ўдзячныя нашым гасцям і будзем чакаць гэтых цудоўных мужоў Божых — айца Вітальда, пеўчых спадара Рамана і спадара Валентыя — да нас у госці яшчэ не адзін раз.

Ала Кучынская

для друку для друку