Велікапосны рахунак сумлення

Сёлетні перыяд Вялікага посту, калі кожны мог стаць у праўдзе, прызнаць свае памылкі і выправіцца, паволі падыходзіць да свайго завяршэння. Пройдзены за гэты прамежак часу шлях дапамагае наблізіцца да самай неспасціжнай падзеі ў гісторыі чалавецтва, той Таямніцы, якая перавышае ўсялякае разуменне і якую немагчыма спазнаць уласнымі сіламі – Уваскрасенне Езуса Хрыста.

Таму, напэўна, так важна напрыканцы велікапоснай дарогі спыніць свае крокі ў імклівым рытме штодзённасці, каб паразважаць над тым, як прайшоў гэты бласлаўлёны час навяртання, якія перамены прынёс у жыццё, ці паўплываў на глыбіню адносін з Богам і бліжнім.

40 дзён няспыннага змагання з тым, што аддаляе ад Бога, што перашкаджае прыняць Яго бязмежную любоў.

Як я магу ацаніць адведзены час? Ці ўвогуле здольны зрабіць гэта самастойна? Можа, дапамогуць тыя людзі, якія знаходзяцца побач ды дасканала ведаюць мяне і ўсё мае заганы? Што яны скажуць? Ці заўважаць тую перамену ў жыцці, да якой так моцна імкнуся? Можа, запытаць у Бога, як я перажыў гэты час? Цікава, які адказ атрымаю? А можа, увогуле сорамна ў кагосьці пытацца пра такія рэчы, таму што вельмі страшна зазірнуць у глыбіню сваёй душы, бо там можна сустрэць пустату?

Св. Ян Златавуст у адной са сваіх кранальных пропаведзей сказаў: “Знайдзі ключ ад свайго сэрца і ўбачыш, што гэта ключ у Божае Валадарства”. Дзе знаходзіцца той “ключ”? Ці не згубіў я яго дзесьці па дарозе да Велікодных свят? Як бы балюча не было шукаць адказы на пастаўленыя пытанні, без гэтага нам будзе вельмі складана ўвайсці ў Таямніцу Смерці, Мукі і Уваскрасення Езуса Хрыста.

Падрыхтоўка да Вялікага посту ў кожнага з нас праходзіла па-рознаму. Хтосьці прыклаў усе намаганні для таго, каб гэты шлях прынёс як мага больш духоўнага плёну, а хтосьці, на жаль, не здолеў рэалізаваць усе тыя пастановы, з якім вырушыў на спатканне з уваскрослым Хрыстом.

Аднак, які б ні быў вынік нашага высілку, не трэба засмучацца, бо пільнае выкананне прынятых пастаноў не з’яўляецца яшчэ той канчатковай мэтай, да якой кожны пакліканы. Мэта ўсіх намаганняў – вечнае жыццё, якое павінна распачацца не калі-небудзь у будучыні, а цяпер, сёння, тады, калі Збаўца прагне стаць для чалавека адзіным сэнсам існавання.

У апошнія дні пакаяннага перыяду важна зразумець, што ўсё задуманае і здзейсненае не павінна стаць прычынай пыхі, самазадаволенасці. У такім выпадку ўсе старанні стануць дарэмнымі. Сапраўднай цнотай з’яўляюцца не тыя вымаганні, якія былі пастаўлены перад сабой, але цярплівасць, з якой зносяцца розныя абставіны жыцця.

Гэтыя словы гучаць вельмі абнадзейліва, асабліва для тых, хто падчас велікапоснай дарогі сустрэўся са шматлікімі жыццёвымі выпрабаваннямі, такімі, як страта блізкага чалавека, непаразуменне ў сям’і, складаныя ўзаемаадносіны на працы, цяжкае матэрыяльнае становішча і г. д. На чым жа сканцэнтраваць свой позірк у такія няпростыя хвіліны? Папа Францішак дае нам адказ: “На Укрыжаваным, бо менавіта Езус на крыжы – гэта той жыццёвы компас, які скіроўвае нас да Неба. Убогасць дрэва, маўчанне Пана, Яго пазбаўленне ад усяго дзеля любові заклікаюць нас да такога ж самаахвярнага жыцця”. Ці складана жыць так, як Ён нам прапануе? Так, складана.

Але калі будзем перажываць усе радасці і цяжкасці, вяртаючыся зноў і зноў да той невычэрпнай крыніцы жыцця, якой з’яўляецца ўваскрасенне Божага Сына, то зможам сапраўды захаваць надзею, якая надае адзіны сэнс зямному вандраванню.

Час Вялікага посту з’яўляецца перыядам духоўнага абнаўлення, які рыхтуе кожнага з нас да Пасхі Хрыстовай – свята надзеі, радасці, трыумфу жыцця над смерцю, дабра над злом. Гэта тыя хвіліны, калі так неабходна паставіць перад сабой жыццёва важныя пытанні і даць на іх адказ. Калі апошні раз я адчуваў у сваім сэрцы ні з чым не параўнальную радасць, супакой, надзею, якую можа даць толькі Бог? Што яшчэ перашкаджае мне прыняць Хрыста як адзінага Валадара, які дзеля збаўлення кожнага чалавека прайшоў праз неймаверныя цярпенні і мукі? Ці Крыж з’яўляецца для мяне доказам невымоўнай Божай любові? Ці веру ў тое, што няма такога граху, які б Бог не мог дараваць, калі глядзіць на сэрца, поўнае жалю і жадання прымірэння? Няхай гэтыя ды іншыя пытанні суправаджаюць нас, калі будзем рыхтавацца да велікапоснай споведзі, каб у паўнаце перажыць збаўчыя Падзеі, якія неўзабаве надыдуць.

Кл. Яўген Амасёнак, «Слова Жыцця»

для друку для друку