Велікапосную пастаноўку зладзіў тэатр ценяў падчас рэкалекцый у віцебскай катэдры

З 31 сакавіка па 2 красавіка ў віцебскай парафіі Езуса Міласэрнага прайшлі велікапосныя рэкалекцыі, якія правёў канцлер Курыі Віцебскай дыяцэзіі кс. Віктар Місевіч. Вельмі цікава ён вучыў, як цаніць час нашага жыцця, як шукаць дарогу да Езуса і крочыць па жыцці з Хрыстом у сэрцы.

Ксёндз Віктар, дзеці і старэйшыя парафіяне пасля велiкапосных разважанняў былі вельмі ўражаны чарговай тэатральнай пастаноўкай, якую паказалі бацькі і моладзь. Але было гэта незвычайнае прадстаўленне тэатральнай групы, якая заснавана пры парафіі (11 асоб) пад кіраўніцтвам сястры Крыст’яны. Першай пастаноўкай была пантаміма «Рукі» аб розным выбары ў жыцці чалавека.

Падчас жа Вялікага посту гледачы з новай моцай адчулі знаёмую праўду Божай чалавечнасці Езуса, перажылі боль і пакуты падчас Крыжовага шляху. Спалучэнне пластыкі акцёраў, гуку, святла і музыкі нікога не пакінулі раўнадушнымі.

Упершыню парафіяне былі зачараваны і пастаноўкай тэатра ценяў. Вядома, што гэта форма візуальнага мастацтва зарадзілася ў Кітаі 1700 гадоў таму назад, калі выкарыстоўваецца вялікі паўпразрысты экран, святло і марыянеткі. У наш час замест марыянетак часта выкарыстоўваецца гібкасць і пластыка цела. Віцебскія вернікі рыхтавалі пастаноўку на працягу 1,5 месяца. Задзейнічалі шмат асобаў: Пётр Глот падрыхтаваў канструкцыю сцэны і крыжы; рэквізіт, касцюмы, сцэнаграфія – гэта праца с. Крыст’яны, музычнае афармленне зрабіў Алег Рудзько, ён жа сыграў і галоўную ролю – Езуса Хрыста. Кожны акцёр шчыра, адказна і пераканаўча выконваў сваю місію: вернікі і святары бачылі і адчувалі страшэнны боль Езуса. Святло і цемра, стрэл біцця плёткамі, укрыжаванне як самы пакутлівы спосаб смерці – усё гэта выклікала слёзы на тварах гледачоў… Эмоцыі ўплываюць на духоўны стан людзей.

Зроблены паспяховы ўклад у развіццё касцельнага тэатра, форма больш знаёмая ў Польшчы. Добры прыклад заўсёды нясе пазітыў і з’яўляецца дастойным далейшага развіцця, а творчае супрацоўніцтва аднадумцаў вядзе да поспеху.

Часлава Туркова

для друку для друку