Велікапосная сустрэча духавенства Гродзенскай дыяцэзіі прайшла ў Гродне

15 лютага, у другі дзень Вялікага посту, у рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі (пабрыгіцкім) у Гродне прайшла традыцыйная сустрэча святароў, якія нясуць служэнне ў Гродзенскай дыяцэзіі.

Сустрэча пачалася малітвай Літургіі гадзінаў, затым быў час на адарацыю Найсвяцейшага Сакраманту і магчымасць паяднання з Богам у сакраманце пакаяння.

Рэалізаваць пакліканне да святасці

З канферэнцыяй пад назвай “Роля змярцвенняў у духоўным жыцці святара” выступіў а. д-р Андрэй Шчупал CSsR – духоўны айцец святароў Гродзенскай дыяцэзіі. Па словах а. Шчупала, паміж духам і целам існуе пастаянная барацьба, таму неабходна рэгулярная праца над сабой праз змярцвенні.

“Змярцвенне пачуццяў неабходна для здабыцця евангельскай дасканаласці, бо ніякі іншы шлях, акрамя крыжовага, не вядзе да дасканаласці”, – дадаў святар.

Духоўны айцец святароў дыяцэзіі звярнуў увагу, што прыманне змярцвення належыць праводзіць у духу адкуплення за грахі асабістыя і грахі бліжніх.

“Прымем жа ахвотна ў час гэтага Вялікага посту працу змярцвення, працу барацьбы за святарскую дасканаласць. Пераадольваючы спакусы, будзем рэалізоўваць наша пакліканне да святасці. У рукі Марыі складзем сёння канкрэтныя пастановы і будзем прасіць Яе, каб зрабіла для нас магчымым зразумець усю глыбіню неабходнасці святарскага жыцця ў змярцвенні”, – падсумаваў а. Андрэй Шчупал.

Цэнтральным пунктам праграмы сустрэчы была святая Імша, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. На пачатку іерарх адзначыў, што біскупы, якія ў апошнія дні вярнуліся з Рыма, дзе былі з візітам ad limina Apostolorum, прывезлі прывітанні ад Святога Айца Францішка і запэўніванне ў яго блізкасці з кожным святаром.

Быць працягам Божай міласэрнасці

У гаміліі біскуп Станеўскі нагадаў духавенству дыяцэзіі словы Папы, які заклікае кожнага святара адчыніць дзверы свайго сэрца на Бога і іншага чалавека, “нягледзячы на тое, што можа з’явіцца спакуса, каб са страху або зручнасці застацца крыху замкнутым у самім сабе і ў сваім асяроддзі”.

Іерарх дадаў, што кожны святар пакліканы да пашырэння Божай міласэрнасці, а ўзорам павінен быць бл. Міхал Сапоцька – вялікі апостал Міласэрнасці, які ўзгадваецца ў літургіі ў гэты дзень.

“На кожнага з нас упаў поўны любові позірк Езуса, і гэтаму позірку трэба даверыцца. Не будзем паддавацца спакусе поспеху, а час, аддадзены Хрысту ў ціхай асабістай малітве, няхай не здаецца часам страчаным”, – сказаў біскуп.

Іерарх адзначыў, што падчас малітвы нараджаюцца самыя цудоўныя плёны душпастырскага служэння. “Не трэба збянтэжвацца тым, што малітва патрабуе высілку, што падчас яе здаецца, нібы Езус маўчыць. Ён маўчыць, але дзейнічае. Свету, у якім так шмат шуму, так шмат згубленасці, патрэбна маўклівая адарацыя Езуса, укрытага ў гостыі”, – заўважыў біскуп Юзаф Станеўскі.

Сустрэча завяршылася паведамленнямі біскупскай курыі. Святары былі азнаёмлены з запланаванымі душпастырскімі акцыямі, якія ў найбліжэйшы час адбудуцца як у Паўсюдным, так і ў партыкулярным Касцёле.

grodnensis.by

для друку для друку