Вечарыну для вернікаў паважанага ўзросту зладзілі ў глыбоцкай парафіі

Жыццё пражыць – не поле перайсці. Гэта добра ведаюць старэйшыя людзі. Шмат ім давялося перанесці турбот і цяжкасцяў, перажыць светлых, радасных падзей. Яны набылі жыццёвую мудрасць, выхавалі дзяцей, дапамагаюць у выхаванні ўнукаў і праўнукаў. Многія, нягледзячы на пражытыя гады, захавалі маладосць душы, прагу да жыцця, энергічнасць.

Менавіта такія парафіяне паважанага ўзросту з Глыбоцкай святыні сабраліся ў нядзелю, 12 лютага, у Цэнтры дзяцей і моладзі, які прадаставіў актавы зал, на вечарыну. На пачатку пробашч парафіі ксёндз Мікалай Ціхановіч блаславіў прысутных і пажадаў, каб вечарына была вясёлай і прынесла ўсім шмат прыемных момантаў. Так і сталася.

Падчас вечарыны гучалі песні на беларускай, рускай і польскай мовах. Без рэпетыцый, без папярэдняй падрыхтоўкі атрымаўся зладжаны хор. Не абышлося без вершаў, гумарэсак, баек, танцаў. Святлелі і маладзелі твары, квітнелі ўсмешкі. З лёгкім хваляваннем кожны нагадаў сваю малую радзіму. Высветлілася, што нарадзіліся нашы парафіяне ў розных куточках Беларусі і нават за яе межамі. А цяпер усе дружна ствараюць парафіяльную сям’ю.

У гэты ж дзень свой 90-гадовы юбілей адзначыла парафіянка Ганна Казлоўская. Усе прысутныя павіншавалі юбіляра і пажадалі пражыць яшчэ да 120 год.

Прадстаўнікі старэйшага пакалення падзякавалі арганізатарам і выказалі пажаданне, каб такія сустрэчы адбываліся часцей.

Алена Пажога, тэкст
Марына Сінкевіч, фота

для друку для друку