Важная еднасць, а не ўніфікацыя: Прэзідыум РКБЕ – пра будучыню хрысціянскай Еўропы

Прэзідыум Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы (РКБЕ) на чале з кардыналам Анджэло Баньяска падвялі вынікі працы пленарнага пасяджэння.

Іерархі адзначылі, што пасля першага дня, падчас якога абмяркоўвалася тэма моладзі, асноўная ўвага была прысвечана будучыні Еўропы.

Як дадаў арцыбіскуп Познаньскі Станіслаў Гандэцкі, нагадваючы словы папы Францішка, з развіццём тэхнічнага прагрэсу духоўныя каштоўнасці перасталі мець такое значэнне, якое мелі раней.

«Людзі адзінокія, гэта вядзе да іх ізаляцыі. Трывожныя знакі сучаснасці — тэрарызм, міграцыйны крызіс — усё гэта вынікае з непавагі да хрысціянскіх і маральных каштоўнасцяў, якія мелі вялікае значэнне ў грамадстве раней», — сказаў іерарх.

Будучыня Еўропы залежыць ад вяртання да сваіх каранёў

Арцыбіскуп Гандэцкі параўнаў Еўропу з дрэвам, якое мае карані, камель, галіны, і расце, бо ёсць зямля, вада, паветра і сонца.

«Вада для нас — гэта еднасць. Сімвал гэтага — кожнае сужэнства. Бо плоднасць магчымая толькі ў сужэнстве, а не калі жывём паасобку. Паветра — гэта культура. Дзякуючы ёй супольнасць стане больш чалавечнай. Сонца для нас, хрысціян — гэта Святы Дух, які выцягвае дрэвы ўгару».

Паводле слоў польскага біскупа, будучыня Еўропы — шматпалярная Еўропа, куды хрысціяне «глядзяць з надзеяй і без расчаравання».

«Калі кожны ў еўрапейскім доме зробіць свой унёсак, карысны для агульнага дабра, тады еўрапейскае дрэва нанова заквітнее і нанова будзе прыносіць плады», — упэўнены віцэ-старшыня РКБЕ арцыбіскуп Вестмінстэрскі Вінсэнт Нікалс.

Якое месца Беларусі ў вобразе супольнай Еўропы?

Паводле слоў англійскага іерарха, гісторыя беларускага Касцёла з 1990-х да нашых часоў — гэта гісторыя аднаўлення.

«У Беларусі не пакінулі месца, куды б гэтае дрэва магло б распасціраць свае галіны, яны ўсе былі абсечаныя. Але дзякуючы караням, якія заставаліся ў зямлі і захоўвалі жыццёвую моц, вера захавалася», — дадаў арцыбіскуп.

Важная еднасць, а не ўніфікацыя

Кіраўнік РКБЕ кардынал Анжэло Баньяска, адказваючы на пытанне пра агульную Еўропу, адзначыў, што Еўропу зможа выратаваць вяртанне да духоўных каранёў.

«Калі казаць пра мару айцоў заснавальнікаў агульнай Еўропы, яны мелі на ўвазе еднасць, а не ўніфікацыю, — падкрэсліў кардынал. — Не штосьці аднолькавае, што будзе навязана, але павага да рознага на гэтым сумесным шляху наперад».

Паводле слоў іерарха, менавіта духоўнае адзінства дапаможа Еўропе быць самой сабой.

«Гэта высокая і моцная ідэя, але яна знаходзіцца ў слабых руках простых людзей. І мы, біскупы, павінны прыкласці ўсе намаганні, каб не даць памерці гэтай ідэі, і такім чынам вяртацца да сапраўдных еўрапейскіх каранёў».

На думку кардынала, поўная свабода — горшая за самую суровую вязніцу. «Праз моцную секулярызацыю сёння ўсё цяжэй і цяжэй жыць хрысціянскімі ідэаламі. Але ў цэнтры паслання Касцёла — заўсёды чалавек. І яго тугу па Богу можа заглушыць, але знішчыць — ніколі».

catholic.by

для друку для друку