Ватыканскі прэфект пра ролю жанчын у фармацыі святароў

Патрэбна “культурная рэвалюцыя”, каб пераадолець “клерыкальную мадэль” у падыходзе да ролі жанчыны ў Касцёле, — лічыць кардынал Марк Уэле, прэфект Кангрэгацыі па справах біскупаў.

У інтэрв’ю часопісу “Donne, Chiesa, Mondo” – “жаночым” дадатку да ватыканскай газеты “L’Osservatore Romano”, – іерарх заўважыў, што жанчыны могуць прысутнічаць у розных сферах святарскай фармацыі: выкладаць тэалогію, філасофію, вучыць духоўнасці, дапамагаць у пытаннях, звязаных з распазнаннем паклікання.

“У гэтай сферы мы маем патрэбу ў меркаванні жанчын, іх інтуіцыі, іх здольнасці заўважаць чалавечыя якасці кандыдатаў, узровень іх эмацыйнай і псіхічнай сталасці. Што тычыцца духоўнага суправаджэння – жанчыны могуць аказаць вялікую дапамогу, але я думаю, што лепш, каб кандыдата да святарства суправаджаў святар”, — заўважыў кардынал.

Прэфект падкрэсліў, што калі жанчыны як роўныя будуць прымаць удзел у працэсе падрыхтоўкі кандыдатаў да святарства, калі будзе дыялог, абмен меркаваннямі, гэта дапаможа будучым прэзбітэрам з павагай ставіцца да жанчын і супрацоўнічаць з імі ў сваім далейшым служэнні. “Калі не пачаць падчас фармацыі, святар рызыкуе адносіцца да жанчын у духу клерыкалізма”, — дадаў ён.

На думку кардынала Уэле, нягледзячы на тое, што робяцца паступовыя крокі наперад, дагэтуль прысутнічае “клерыкальнае ўяўленне аб фармацыі”, а жанчыны яшчэ недастаткова прысутнічаюць у гэтай сферы. Яны павінны лічыцца неад’емнай часткай працэсу падрыхтоўкі будучых святароў.

Патрэбна сапраўдная культурная рэвалюцыя, якая азначае змену мыслення, — лічыць іерарх. Ён нагадаў, што Святы Айцец ставіць на першае месца ў душпастырскай дзейнасці, клопат пра людзей, якому лепш могуць навучыць менавіта жанчыны.

Кардынал Уэле прыгадаў, што на працягу апошніх сарака гадоў адбыліся важныя грамадскія перамены, пачала ўмацоўвацца роля жанчын у сферы працы, у публічным жыцці. У Касцёле гэты працэс ідзе павольна. Акрамя таго, пагрозу ствараюць ідэалогіі, што адмаўляюць адметнасці паміж поламі.

“Патрэбна сапраўдная крэатыўнасць, каб прысутнасць жанчын стала большай, напрыклад, у сферы сведчання і кіравання. Існуюць шматлікія курыі, дзе жанчыны з’яўляюцца канцлерамі, каардынуюць душпастырскую дзейнасць. Але праблемай з’яўляцца клерыкальная касцёльная мадэль. У Касцёле лічацца тыя, хто выконвае ролі першага плану: хто прапаведуе Божае слова, хто ўдзяляе сакрамэнты, нібыта святары з’яўляюцца галоўнай рэчаіснасцю Касцёла, але гэта не так. Душа Касцёла – не паслуга, а хрост, гэта значыць вера. Менавіта сведчанне веры – гэта сфера, дзе жанчына можа заняць надзвычайнае месца”, — сказаў іерарх.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку