Ватыкан: выпадак заражэння каранавірусам у рэзідэнцыі Папы

Кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы паведаміў пра выпадак заражэння каранавірусам у ватыканскай рэзідэнцыі Святога Айца – Доме св. Марты.

Матэа Бруні паінфармаваў журналістаў, што каранавірусная інфекцыя была выяўлена ў аднаго з супрацоўнікаў Дома. Хворы – на цяперашні час бессімптомны – быў ізаляваны, як і тыя, хто кантактаваў з ім. Ён часова пакінуў папскую рэзідэнцыю, у якой звычайна пражывае.

У Доме св. Марты строга выконваюцца ўсе эпідэміялагічныя прадпісанні, выдадзеныя Губернатарам Дзяржавы Ватыкан, а здароўе яго жыхароў знаходзіцца пад пастаянным медыцынскім кантролем.

Сярод рэзідэнтаў і грамадзян Ватыкана на працягу апошніх дзён выздаравелі тры чалавека. Агульная колькасць хворых – каля дзесяці, галоўным чынам гэта служачыя Папскай швейцарскай гвардыі. На мінулым тыдні паведамлялася пра адзінаццаць хворых гвардзейцаў.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку