Ватыканскі ліст да біскупаў на тэму хрысціянскага збаўлення

1 сакавіка 2018 года ў Ватыкане адбылася прэзентацыя ліста Кангрэгацыі Веравучэння да біскупаў Каталіцкага Касцёла “Placuit Dei”, прысвечанага некаторым аспектам хрысціянскага збаўлення. Спікерамі выступілі: арцыбіскуп Луіс Франсіска Ладарыя Фэрэр, прэфект Кангрэгацыі Веравучэння, і арцыбіскуп Джакама Марандзі, сакратар узгаданай дыкастэрыі.

Выданне дакумента з’яўляецца адказам на просьбы шматлікіх тэолагаў, якія пасля публікацыі ў 2000 годзе дэкларацыі аб адзінасці і збаўчай паўсюднасці Езуса Хрыста і Касцёла “Dominus Iesus”, звярталіся ў Кангрэгацыю Веравучэння з просьбай падрабязней засяродзіцца на некаторых аспектах, змешчаных ва ўзгаданым дакуменце.

Рашэнне аб выданні адмысловага ліста было прынята падчас пленарнай сесіі Кангрэгацыі Веравучэння, якая прайшла ў студзені 2018 года ў Ватыкане. Пантыфік ухваліў яго і папрасіў апублікаваць як мага хутчэй. Дакумент “мае на мэце прадэманстраваць, у святле вялікай традыцыі веры, і з асаблівай спасылкай на вучэнне Папы Францішка, некаторыя аспекты хрысціянскага збаўлення, разуменне якіх можа быць сёння складаным па прычыне апошніх культурных пераўтварэнняў”.

У лісце дыкастэрыі звяртаецца ўвага на дзве сучасныя тэндэнцыі, якія па некаторых рысах падобныя на старажытныя ерасі пелагіянства і гнастыцызму, звязаныя з “сканцэнтраваным на аўтаномным суб’екце індывідуалізмам”, згодна з якімі чалавек можа збавіцца ўласнымі сіламі, і прадстаўленнем збаўлення чалавека як выключна ўнутранай з’явы, што “выключае прыняцце, аздараўленне і абнаўленне нашых адносін з іншымі людзьмі і створаным светам”.

Як неапелагіянскі індывідуалізм, так і неагнастыстычнае пагарджанне целам скажаюць вызнанне веры ў Хрыста, адзінага і паўсюднага Збаўцу. Вера ў Хрыста вучыць нас – адмаўляючы пелагіянскую самарэалізацыю праз валоданне матэрыяльнымі дабротамі, уладу, навуку ці тэхніку – нішто з таго, што было створана, не можа цалкам задаволіць чалавека, таму што Бог прадвызначыў нас да адзінства з Ім, і наша сэрца не суцешыцца пакуль не знойдзе спачыванне ў Ім.

Дакумент таксама нагадвае, што “карані зла не знаходзяцца ў матэрыяльным і цялесным свеце”. Наадварот, “вера абвяшчае, што ўвесь сусвет добры, паколькі створаны Богам”. Таму збаўленне тычыцца не толькі нашага ўнутранага свету, але нашага быцця ў цэлым. “Увесь чалавек, душа і цела, створаны любоўю Бога на Яго вобраз і падабенства, пакліканы жыць у адзінстве з Імватыкан”.

Уцелаўленне Хрыста сведчыць аб “абсалютнай першаснасці бескарыслівай дзейнасці Бога”, дэманструючы беспадстаўнасць індывідуалістычнай неапелагіянскай перспектывы. Уцелаўленне паказвае, што ласка апярэджвае нас, нават калі і патрабуе чалавечых спраў. У той жа час, “праз цалкам чалавечую дзейнасць свайго Сына” Нябесны Айцец пажадаў “ператварыць нашы ўчынкі”, каб мы, “прыпадобненыя да Хрыста, маглі рабіць добрыя справы”.

Ліст Кангрэгацыі Веравучэння таксама падкрэслівае, што месцам, дзе чалавек атрымлівае збаўленне, з’яўляецца Касцёл: адначасова бачная і нябачная супольнасць, у якой, “калі становімся блізкімі з братамі, асабліва найбольш патрабуючымі, па-сапраўднаму дакранаемся да цела Езуса”. Збаўленне, такім чынам, заключаецца не ў індывідуалістычнай самарэалізацыі, ці ўцёках ва ўнутраны свет, але ва ўключэнні людзей у супольнасць, якая ўдзельнічае ў еднасці Тройцы”.

Несумяшчальным з неапелагіянскім індывідуалізмам і дуалістычным гнастыцызмам з’яўляецца таксама вучэнне аб сакрамантах. Менавіта праз іх адбывацца ўдзел у Касцёле. “Дзякуючы сакрамантам, хрысціяне могуць жыць у вернасці целу Хрыста, і, як наступства, у вернасці канкрэтнаму парадку адносін, які Ён нам падарыў”, —  гаворыцца ў лісце.

Дакумент завяршаецца сцвярджэннем, што “ўсведамленне поўнага жыцця, у якое ўводзіць Езус Збаўца”, падштурхоўвае хрысціян станавіцца місіянерамі, якія жывуць вялікай надзеяй і абвяшчаюць усім радасць і святло Евангелля.

Ватыканскае радыё

для друку для друку