Ватыканскаму мастацтвазнаўцу ўручаць ордэн Францішка Скарыны

Антоніа Паолучы

22 мая 2017 г. былому дырэктару Ватыканскіх музеяў Антоніа Паолучы будзе ўручаны ордэн Францішка Скарыны. Цырымонія пройдзе ў Ватыкане з удзелам Сяргея Алейніка, Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь пры Святым Пасадзе, і Аляксандра Гур’янава, Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь у Італьянскай Рэспубліцы, паведамляе Ватыканскае Радыё.

Указ аб уручэнні высокай дзяржаўнай узнагароды, за значны асабісты ўклад у развіццё культурнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Святым Пасадам, падпісаў 7 сакавіка 2017 г. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Антоніа Паолучы непасрэдна прычыніўся да арганізацыі і правядзення выставы беларускага сакральнага мастацтва ў Ватыкане “Іканапіс Беларусі XVII-XXI стагоддзяў”, што праходзіла з 19 мая да 25 ліпеня 2016 г. і стала першай у гісторыі такога роду ініцыятывай з Усходняй Еўропы ў Ватыканскіх музеях. Увазе наведвальнікаў былі прадстаўленыя найбольш значныя творы беларускай іканапіснай традыцыі розных часоў. Усяго ў экспазіцыю ўвайшлі 33 іконы — каталіцкія і праваслаўныя.

Ордэн Францішка Скарыны – дзяржаўная ўзнагарода Беларусі, якая ўручаецца за значныя поспехі ў галіне нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння, выдатныя даследаванні гісторыі Беларусі, дасягненні ў галіне нацыянальнай мовы, літаратуры, мастацтва, кнігавыдавецтва, культурна-асветнiцкай дзейнасцi, а таксама пашырэння культурнай спадчыны беларускага народа і за асаблівыя заслугі ў гуманітарнай, дабрачыннай дзейнасці, у справе абароны чалавечай годнасці і правоў грамадзян, міласэрнасць і іншыя высакародныя ўчынкі.

для друку для друку