Ватыкан выпусціць манету да гадавіны мучаніцкай смерці святых апосталаў Пятра і Паўла

Да 1950-й гадавіны мучаніцкай смерці святых апосталаў Пятра і Паўла Ватыканскі філатэлістычна-нумізматычны аддзел 1 чэрвеня 2017 г. выпусціць манету наміналам у 2 еўра.

Графічнае афармленне распрацавала італьянскі скульптар Габрыэла Цітоло. На ёй прадстаўлены два святыя і два характэрныя для іх іканаграфічныя сімвалы – ключы і меч. Першы спасылаецца на перадачу св. Пятру Езусам ключоў Валадарства нябеснага, а другі – на жыццё і мучаніцкую смерць св. Паўла, гаворыцца ў заяве ватыканскай структуры.

Дыяметр манеты складзе 25,75 мм, вага – 8,50 г., тыраж – 80 тыс. Набыць яе можна будзе па кошце 18,00 еўра. Таксама юбілейная манета выйдзе ў версіі “Proof” тыражом 10 тыс. і коштам 37,00 еўра. Чаканкай зоймецца італьянскі манетны двор.

Ватыканскае Радыё

для друку для друку