“Вандроўку ў Неба” зладзілі ў касцёле Светлагорска

swetlagorskЧарговую тэатральную пастаноўку паказалі ў светлагорскай парафіі Ўзвышэння Святога Крыжа. Гэтым разам пра святых — да нядаўняй Урачыстасці ўсіх святых. Напісала сцэнарый і падрыхтавала пастаноўку “Вандроўка ў Неба” сястра Таццяна Халапук. Як заўсёды ўдзельнічала шмат дзяцей.

— Падчас спектаклю парафіяне мелі магчымасць зазірнуць у Нябеснае Валадарства. Уся гэта вандроўка адбывалася ў касцёле, выгляд якога нагадваў пра штосьці незвычайнае, таямнічае. Было шмат кветак, дрэваў, птушкі лёталі па небу. Нават можна было ўбачыць сонца, месяц, зоркі і сімвал Творцы сусвету.

Пад словы песні “Божа мой, гэта Ты…” пачалася вандроўка. Тут з’явіліся анёлы, прыгожыя духі, вялікія і маленькія, якія танцавалі паланэз. Дзве дзяўчынкі-сяброўкі разам са святым Пятром дапамаглі гледачам зазірнуць у Нябеснае Валадарства і пазнаёміцца з яе жыхарамі, некаторымі святымі: св. Казімірам, св. Андрэем Баболем, св. Маці Тэрэзай, св. дзецьмі з Фацімы, св. Джанай Бэрэттай Мола. А таксама павучыцца ад святых, як нам, людзям Зямлі, жыць, каб разам з імі радавацца вечнаму жыццю ў Валадарстве Найлепшага Айца.

З нагоды нядаўняга ўспаміну святых Апосталаў у госці завітаў святы Юда Тадэвуш. Разам з анёламі і святымі парафіяне павіншавалі свайго пробашча, ксяндза Тадэвуша Саморэка, з імянінамі. На канец святой Імшы кожны атрымаў салодкі гасцінец, каб пакаштаваць “як прыемна і добра быць з Богам!” — распавяла с. Таццяна.

katolik-gomel.by

для друку для друку