Вадзіцель ці кіроўца? Як лепш сказаць па-беларуску?

Апошнія гадоў дзесяць – пятнаццаць мы ўсё часцей чуем слова кіроўца як сінонім да назоўніка вадзіцель. І ўсё часцей бачым згаданую лексему на старонках перыядычнага друку. Але што ў большай ступені адлюстроўвае нацыянальную адметнасць нашай мовы, каторую лексічную адзінку варта ўжываць у першую чаргу: кіроўца ці вадзіцель? Паспрабуем разабрацца.

Сёння на старонках перыядычнага друку “агульнасавецкі стандарт” вадзіцель насамрэч імкліва выцясняецца адметным беларускім назоўнікам кіроўца. Выдатны знаўца культуры роднай мовы Алесь Каўрус слушна сцвярджае, што “назоўнік кіроўца заняў сваё месца ў словаўтваральным гняздзе, далучаецца да шэрагу назоўнікаў, якія ўтвораны з дапамогай фарманта —ца: прамоўца, суразмоўца, выступоўца і пад. Нават калі гэта запазычанне, яно не мае відавочных рысаў польскай мовы” (Каўрус А. Да свайго слова. Пытанні культуры мовы. – Мінск, 2011. – С. 19). Тут важна ўсвядоміць адрозненне ў спосабе мыслення паміж носьбітамі беларускай і рускай моў і культур. Для прадстаўніка рускай культуры абсалютна нармальна гучаць канструкцыі “водить автомобиль”, “водить грузовик”, “водить машину”. Таму і адпаведны назоўнік – водитель – бачыцца цалкам лагічным, утвораны паводле ўсіх моўных законаў. У нас жа, носьбітаў беларускай культуры, на ўзроўні падсвядомасці замацаванае разуменне, што аўтамабілем (машынай, грузавіком) можна толькі кіраваць. Дзеяслоў жа вадзіць мае ў нас зусім іншае значэнне: дапамагаць ісці (вадзіць дзіця за руку), хадзіць з кім-небудзь і паказваць што-небудзь (вадзілі госця ў тэатр), рухаць чым-небудзь па паверхні чаго-небудзь (вадзіць алоўкам па паперы) або ўжываецца ў складзе ўстойлівых спалучэнняў кшталту вадзіць за нос.

Зыходзячы з таго, што любым транспартным сродкам можна толькі кіраваць (а не вадзіць яго), у беларускай мове і замацаваўся назоўнік кіроўца. Адметна, што адзінае дзяржаўнае штодзённае беларускамоўнае выданне газета “Звязда” даўно ўжо аддае перавагу менавіта гэтаму слову. Напрыклад: За рулём … знаходзіўся 40-гадовы мужчына, які не меў пасведчання кіроўцы. Калі дзверы адчыніліся і 36-гадовая пасажырка выпала з кабіны, кіроўца спужаўся і ўцёк (25.01.11); Кіроўца “Жыгулёў” заснуў у салоне свайго аўто (Загаловак, 29.01.11); У Глыбоцкім раёне з’явіўся “гора-кіроўца”… Нядаўна зноў асудзілі гэтага горакіроўцу, які раней ужо тры разы адказваў перад законам за кіраванне аўтамабілем у нецвярозым стане (30.06.11); Прафсаюзы Францыі заклікалі больш за 600 тысяч кіроўцаў-прафесіяналаў прыняць удзел у распачатым у ноч на панядзелак агульнанацыянальным страйку (28.06.11); У Мінску ў ноч з 8 на 9 сакавіка пасля ДТЗ жанчына-кіроўца ўцякла з месца здарэння… (10.03.12). Школа юных кіроўцаў (Загаловак, 10.09.14); Кіроўца парваў пратакол (Загаловак, 5.05.15); Кіроўца, трымайся за руль! (Загаловак, 1.03.17). Як бачна, назоўнік кіроўца ў кантэксце не толькі выразна адлюстроўвае якраз беларускую матывацыйную базу (кіраваць транспартным сродкам, а не вадзіць), але і можа ўжывацца з прыдаткам, пашыраючы тым самым лексічныя рэсурсы мовы. Дарэчы, і акадэмічны “Слоўнік беларускай мовы” (Мінск, 2012) таксама падае згаданы назоўнік як нарматыўны (с. 349).

Варта адзначыць, што цяпер у нашай мове назіраецца выразная тэндэнцыя тэндэнцыя да паступовага пашырэння падобных дэрыватаў. Усё часцей ужываюцца словы бізнэсоўца, мітынгоўца, пратэстоўца, моўца і інш.

Такім чынам, у беларускай мове варта выкарыстоўваць спалучэнні, напрыклад, кіроўца таксі, кіроўца грузавіка або кіроўца-прафесіянал, а не ўжываць у якасці асноўнага кампанента відавочны русізм вадзіцель.

Юрась Бабіч, кандыдат філалагічных навук

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі