Ва Ушачах у гонар святога Лаўрэна біскуп Алег Буткевіч асвяціў хлеб і мёд

Адпустовая святая Імша адбылася ў 18 гадзін 10 жніўня.

На ўрачыстасць ва Ушачы прыбыў віцебскі ардынарый біскуп Алег Буткевіч, які і ўзначаліў святую Імшу. Вернікі сустрэлі свайго пастыра перад уваходам у храм з хлебным караваем і кветкамі.

На ўрачыстасць прыбылі святары з розных куткоў Віцебскай дыяцэзіі. Гэта ксёндз Раман Мурзіч з Параф’янава, ксёндз Мікалай Ціхановіч з Глыбокага, ксёндз Аляксандр Півавар з Бешанковіч, ксёндз Мікалай Ліпскі з Новалукомля, ксёндз Дзмітрый Рацько з Празарок, ксёндз Аляксей Асон з Новага Пагосту. Шмат хто з гэтых святароў нейкі час служыў тут, у парафіі святога Лаўрэна, а ксёндз Мікалай Ліпскі 10 год таму прыняў тут святарскае пасвячэнне.

Напачатку Імшы пробашч парафіі кс. Віталь Галец падзякаваў усім гасцям і папрасіў іерарха ўзначаліць святую Імшу.

У сваім слове да вернікаў біскуп адзначыў, што святы Лаўрэн мае для Ушачаў асаблівае значэнне. Ён першы, хто сустракае гасцей горада, бо яго выява знаходзіцца не толькі ў галоўным алтары касцёла, але і на гербе горада. Для нас, людзей трэцяга тысячагоддзя жыццё святога, які жыў амаль дзве тысячы гадоў таму, можа быць прыкладам мужнасці, адвагі, непахіснай веры. І гэты прыклад для нас вельмі важны, бо такія прыклады патрэбныя, каб заставацца вернымі сваёй веры.

Іерарх коратка нагадаў гісторыю жыцця святога, які быў дыяканам пры Папу Сіксту ІІ. Падчас ганенняў на хрысціянаў пры імператары Валяр’яну ў 258 годзе многія святары і біскупы былі пакараныя, а хрысціяне-сенатары ці члены багатых сямействаў пазбаўляліся маёмасці і выганяліся з горада. Папа Сікст II быў адной з першых ахвяр гэтых пераследаў, ён быў абезгалоўлены 6 жніўня. Згодна легенды, Лаўрэн сустрэў Сікста, якога вялі на пакаранне, і спытаўся ў яго: “Куды ты, ойча, ідзеш? Навошта пакідаеш свайго арцыдыякана, з якім заўсёды прыносіў бяскроўную Ахвяру? Вазьмі свайго сына з сабой, каб і я быў саўдзельнік табе ў праліцці крыві за Хрыста!”. Святы Сікст адказваў яму: «Не пакідаю цябе, сын мой. Я стары і іду на лёгкую смерць, а цябе чакаюць больш цяжкія пакуты. Ведай, што праз тры дні пасля маёй смерці і ты пойдзеш за мной. А цяпер ідзі, прадай царкоўныя скарбы і раздай бедным хрысціянам”.

Пасля пакарання смерцю Сікста Лаўрэн быў кінуты ў турму. Неўзабаве рымскі прэфект запатрабаваў у яго аддаць дзяржаве скарбы Касцёла. Папрасіўшы тры дні тэрміну, арцыдыякан раздаў амаль усю царкоўную маёмасць беднякам. На трэці дзень ён з’явіўся да прэфекта разам з натоўпам жабракоў, калек, сляпых і хворых, заявіўшы: “Вось сапраўдныя скарбы Касцёла”. За гэтыя словы Лаўрэн быў падвергнуты катаванням і зажыва засмажаны на жалезнай рашотцы: пад яе падклалі гарачыя вуглі, а слугі рагацінамі прыціскалі да яе ягонае цела. Згодна з паданнем, у час пакарання Лаўрэн сказаў сваім катам: “Вось вы спяклі адзін бок, павярніце на іншы і ешце маё цела!”

Біскуп Алег заклікаў прысутных браць прыклад са святога Лаўрэна ў служэнні Богу і людзям. Ён нагадаў пра запаведзь любові, якая заклікае любіць Бога і бліжняга.  Таксама іерерх звярнуў увагу на тое, што калі мы хочам перамяніць свайго бліжняга, то ў першую чаргу павінны змяніцца самі. Мы павінны памятаць, што прызначаны для вечнага жыцця, і гэта вера не павінна выклікаць у нас сумневу.

Напрыканцы Імшы да біскупа, святароў і вернікаў звярнуліся прадстаўнікі мясцовай улады, якія падзякавалі высокаму госцю за прысутнасць ва Ушачах, а таксама коратка нагадалі ролю святога ў гісторыі Ушачаў, выява якога знаходзіцца на гербе пасёлка. Гэты герб Ушачы атрымалі яшчэ ў XVIII стагоддзі, тады ж, у 1758 годзе, Ушачы атрымалі магдэбургскае права.

Пасля біскупскага бласлаўлення адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакраманту, святары і вернікі памаліліся літаніяй да святога Лаўрэна. Скончылася богаслужэнне спевам гімна “Цябе, Бога, праслаўляем”.

А потым біскуп асвяціў хлебныя караваі і мёд, што стала ўжо традыцыйным ва ўшацкай парафіі з моманту адраджэння тут парафіі. Паспрабаваць прысмакі можна было адразу тут, на ўваходзе ў храм, а ўсе жадаючыя маглі паразмаўляць з біскупам, які заўсёды адкрыты на дыялог з людзьмі.

Дарэчы, святы Лаўрэн, імя якога носіць ушацкая парафія, лічыцца апекуном бедных, а таксама нябесным заступнікам пажарных, пчалаводаў і хлебапёкаў.

Зміцер Лупач, тэкст
Марына Сінкевіч, фота

для друку для друку