Ва Ушачах адбыўся адпустовы фэст у гонар святога Лаўрэна (+відэарэпартаж)

lauren_26Падзея адбылася ў сераду 10 жніўня. На свяце прысутнічалі не толькі вернікі з Ушачаў, але таксама з Глыбокага і Полаччыны.

Акрамя пробашча парафіі ксяндза Віталя Гальца, на фэст прыехалі ксяндзы Марат Казлоўскі, Раман Мурзіч, Мікалай Ціхановіч, Алег Шпень, Аляксандр Півавар. На жаль, на фэст не змог прыбыць біскуп Алег Буткевіч, але ён прыслаў свайго прадстаўніка ксяндза Андрэя Аніскевіча. Дарэчы, ксяндзы Марат і Раман у свой час служылі ва ўшацкай парафіі, таму вернікі вельмі цёпла іх сустрэлі.

Святы Лаўрэн, імя якога носіць ушацкая парафія, лічыцца апекуном бедных, а таксама нябесным заступнікам пажарных, пчалаводаў і хлебапёкаў. Выява гэтага святога змешчана на гербе Ушачаў.

Святую Імшу ўзначаліў ксёндз Андрэй Аніскевіч, слова да вернікаў прамовіў ксёндз Мікалай Ціхановіч з Глыбокага.

У гаміліі ён нагадаў гісторыю жыцця і мучаніцтва святога Лаўрэна. Ён жыў у ІІІ стагоддзі і быў скарбнікам пры Папу Сіксце ІІ. Пад час ганенняў на хрысціян, якія ўчыніў рымскі імператар Валерыян Папа быў забіты. Ад Лаўрэна імператар запатрабаваў аддаць у казну скарб Касцёла. Але Лаўрэн па запавету Папы раздаў каштоўнасці бедным і сказаў імператару, што гэтыя людзі – галоўнае багацце Касцёла. Тады святога Лаўрэна вырашылі пакараць страшнай смерцю – засмажыць зажыва на агні. Але нават у апошнія хвіліны свайго жыцця ён маліўся аб навяртанні язычнікаў Рыма.

“Таму, – падкрэсліў ксёндз Мікалай, – і вы ва Ушачах павінны маліцца за тых жыхароў, хто яшчэ не ведае Хрыста, гэта задача і пробашча, і вернікаў”.

Ксёндз Мікалай не толькі разважаў над эпізодамі з жыцця і мучаніцкай смерці святога, але і сапастаўляў гэтыя факты з сучасным жыццём.

Пасля заканчэння Імшы адбыўся невялікі канцэрт, які для вернікаў падрыхтаваў хор з Глыбокага «Ave Maria». Таксама па заканчэнні богаслужэння былі асвечаныя святочныя булкі і мёд, што ўжо стала добрай традыцыяй ва ўшацкай парафіі. Дарэчы, кандытарскія вырабы былі не з крамы, а спечаныя самімі вернікамі. Пасля асвячэння імі частавалі ўсіх гасцей свята. Пачастунак асабліва спадабаўся дзецям.

Зміцер Лупач, тэкст

Леанід Юрык, фота і відэа

Чытайце таксама:

«Ксёндз, які выпраменьвае веру»: парафіянка з Ушачаў распавядае пра служэнне кс. Аляксея Асона (+відэа)

Жыхарка Ушачаў распавядае пра аднаўленне касцёла ў пасёлку (+відэа)

Гісторык Уладзімір Шыпіла распавёў ушацкім парафіянам пра ксяндза Язэпа Барадзюлю (+відэа)

для друку для друку