Ва Украіне створаны Мемарыял пакутнікаў за веру

Ён распавядае пра ганенні бальшавікоў на Касцёл і каталіцкіх вернікаў.

У гарадскім пасёлку Тыўроў Вінніцкай вобласці Украіны 1 верасня адкрыецца Мемарыял пакутнікаў за веру XX стагоддзя. Удзел у цырымоніі прыме Апостальскі нунцый ва Украіне арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, які асвеціць мемарыял.

Маштабны помнік размешчаны на тэрыторыі каталіцкай парафіі Святога Міхала Арханёла, у падвальных памяшканнях храма. Ён створаны ў знак павагі да тых хрысціянаў, якія засталіся вернымі і не адракліся ад сваёй веры.

Мемарыял створаны да 80-годдзя найбольш цяжкіх ганенняў за веру, калі ўлада бальшавікоў ва Украіне масава зачыняла храмы.

Мемарыял будзе не толькі месцам памяці, але і навучальнай установай, у якой моладзь і іншыя наведвальнікі змогуць атрымліваць інфармацыю аб нядаўніх пераследах Касцёла ва Ўкраіне і пра тых вернікаў, якім цяперашняе пакаленне абавязана свабодай веравызнання.

— Гэта сучасная форма прэзентацыі жыцця і дзейнасці католікаў у часы камуністычных ганенняў. У калекцыях мемарыяла сабрана шмат помнікаў, якія звязаны з іх жыццём, працай, зняволеннем і мучаніцкай смерцю, — гаворыцца ў паведамленні адміністрацыі мемарыяла.

www.katolik.life

 

для друку для друку