Ва ўрачыстасць Яна Хрысціцеля біскуп Алег Буткевіч наведаў з пастырскай візітацыяй парафію ў Ваўкалаце

24 чэрвеня, ва ўрачыстасць Святога Яна Хрысціцеля біскуп Алег Буткевіч наведаў з пастырскай візітацыяй парафію ў Ваўкалаце.

Візіт распачаўся днём раней з сустрэч з вернікамі ў вёсках Гарадзішча і Янчукі, якія абслугоўвае кс. Алег Півавар, ваўкалацкі пробашч. Увечары адбыўся канцэрт мастацкай самадзейнасці.

Пакліканні з парафіі

На святочную Імшу ў Ваўкалату прыехалі ксяндзы з суседніх парафій, а таксама святары, чыё пакліканне нарадзілася менавіта ў гэтай парафіі. Гэта а. Сяргей Мацюшонак OFMCap, які з’яўляецца афіцыялам Віцебскага біскупскага суда і кс. Аляксандр Дулінец, пробашч з Падсвілля, якія зусім нядаўна святкавалі 15-годдзе святарства. І трэці – кс. Павел Самсонаў, дэкан Пастаўскі і пробашч з Дунілавіч, які ў гэты момант нёс паслугу ў канфесіянале.

“На маіх вачах яны (будучыя святары – заўв. рэд) раслі. Я музыку вёў у школе, яны спявалі там, на ўрокі хадзілі, узрасталі, прыслугоўвалі ў касцёле. Для нас было нечакана, што хлопцы пайшлі вучыцца ў семінарыю. Лічу, што сакрэт гэтых пакліканняў – выхаванне  і заслуга а. Пятра”, — падзяліўся ўспамінамі Уладзімір Чыкун, арганіст, які называе сябе аматарам і спявае ў парафіі з 1989 года.

Дыван з кветак

Жанчыны-парафіянкі з 7 гадзін раніцы рупліва завіхаліся ля святыні: выкладвалі дыван з кветак ля ўваходнай брамы, упрыгожвалі шлях ад касцёла да хаты, дзе цяпер пражывае а. Пётр Ясевіч OFMCap. На жаль, па прычыне хваробы гэтыя ўрачыстыя і радасныя хвіліны ён не мог перажываць разам. Віцебскі ардынарый не пакінуў без увагі гэтага святара, які так шмат зрабіў для адраджэння рэлігіі і рамонту храма ў мясцовай парафіі, працуючы ў ёй з 1988 года.

Урачысты ўваход у храм біскуп распачаў менавіта ад дому а. Пятра, які знаходзіцца насупраць святыні. Убачыўшы прыгажосць з кветак, біскуп пажартаваў, што не хоча тут ісці, бо вельмі прыгожа. Але вернікі шчыра запрасілі ўвайсці і прывіталі вялікага госця хлебам-соллю. Акрапіўшы святой вадой, біскуп разам са святарамі і ўсімі прысутнымі ўвайшлі ў святыню, пасля кароткай малітвы ў цішыні, пробашч кс. Алег Півавар распавёў гісторыю парафіі, сучасны стан спраў і планы на будучыню.

Крыху гісторыі

Касцёл у Ваўкалаце – помнік архітэктуры псеўда-барочнага стылю. Першы храм быў драўляны і пабудаваны ў 1524 годзе. Парафія паўстала чатыры гады раней. У 1624 годзе быў адрэстаўраваны і перабудаваны. Можна сказаць, паўстаў другі ў гісторыі Ваўкалат касцёл, які асвяціў біскуп Свірковіч. У 1893 годзе заіснаваў мураваны касцёл, фундатарам якога была Альжбета Радзівілава.

Вельмі цікавая гісторыя ў будове мураванага касцёла. Калі мясцовыя жыхары выбудоўвалі мосцікі, каб коньмі падвозіць каменні, каб пабудаваць большую святыню, адбудоўвалі старую якая была ўнутры. Аднойчы прыехалі царскія ўлады і загадалі разбурыць будаваную святыню, але людзі сталі заступацца і ўлады сказалі: калі на наступны дзень дах будзе накрыты, то касцёл застанецца. І так сталася. Людзі з усей моцай і сілай працавалі ўсю ноч, накрывалі храм, хто дыванамі, хто ручнікамі, хто чым мог. І касцёл раніцай быў накрыты, таму застаўся такі, які мы бачым.

Пасля раздзелу Рэчы Паспалітай царскія ўлады хацелі ператварыць касцёл у праваслаўную царкву, але гэта ім не ўдалося. Жыхары, у асноўным усе католікі, адстаялі святыню.  У 70-80-яя гады 19 стагоддзя кс. Цыцан звярнуўся да ўлад за дазволам на рамонт касцёла. Яго дазволілі зрабіць вельмі хутка. Планавалі дзве вежы, але не паспелі.

Як адзначыла парафіянка Антаніна Бабарыка: “Сёння сюды прыходзяць людзі, чые бабулі і дзядулі будавалі ўручную гэты храм, прыносілі малако і яйкі, каб святыня была прыгожай і крэпкай, стаяла доўгія вякі. Таму мы вельмі любім і шануем наш касцёл. Ён адметны тым, што ніколі не зачыняўся, заўсёды былі ксяндзы, якія даносілі Божае слова.”

Урачыстасць св. Яна Хрысціцеля і сакрамант канфірмацыі

Біскуп Алег падчас гаміліі звярнуў увагу на постаць св. Яна Хрысціцеля, а таксама закрануў тэму веры: “Людзі, якія называлі сябе атэістамі, руйнавалі касцёл. А хто ўкрыжаваў Хрыста? Ці таксама атэісты? Гэта былі веруючыя людзі. Парадокс… Таму, калі мы сёння кажам, што я веруючы чалавек, то трэба паставіць пытанне “а наколькі глыбока?” Сакрамант канфірмацыі дапамагае паглыбіць нашу веру”.

Апостал Павел нам прыгадвае: “Памятайце, што Вы – святыня Духа Святога. Таму павінны шанаваць гэтую святыню, клапаціцца, каб яна была чыстай, прыгожай і каб у ёй гучала малітва праслаўлення”. Для гэтага патрабуем пакаянне, да чаго заклікае нас Ян Хрысціцель і Маці Божая. Але ці слухаем мы гэтыя словы? Для гэтага зноў жа нам патрэбная вера. Трэба прасіць, каб вера змяняла жыццё, дапамагала ў змаганні са спакусамі”.

У гэты дзень сакрамант бежмавання біскуп Алег Буткевіч удзяліў прадстаўнікам моладзі і сярэдняга пакалення, але таксама былі вернікі сталага ўзросту. Адсюль заўважаецца актыўная душпастырская праца святара, які толькі дзевяць месяцаў працуе ў парафіі. Мясцовыя дзяўчаты-студэнткі Вольга і Вікторыя, якія зрэдку прыязджаюць дадому, адзначылі, што іх заўсёды цягне ў родную парафію, стараюцца дапамагаць пробашчу, які на іх думку, вельмі дзейсны.

На заканчэнне Імшы вернікі прайшлі ўрачыстай працэсіяй пад гук званоў за Найсвяцейшым Сакрамантам вакол святыні.

Пасля бласлаўлення словы ўдзячнасці за прысутнасць, супольную малітву і Божае слова біскупу Алегу выказалі пробашч парафіі кс. Алег, прадстаўнікі мясцовай улады і вернікі. Іерарх у сваю чаргу падзякаваў жыхарам Ваўкалаты за адметную шчырасць і гасціннасць. А затым усе накіраваліся на тэрыторыю мясцовага дома культуры, які размешчаны побач з касцёлам, на канцэрт, які падрыхтавалі самі парафіяне.

Раіса Вярцінская, якая з’яўляецца верніцай капліцы ў маленькай вёсцы Гарадзішча падзялілася ўражаннямі ад сустрэчы з біскупам: “Мы вельмі ўдзячныя біскупа Алегу за прыезд у нашу невялікую вёску. Нам гэтых успамінаў хопіць  да наступнага яго прыезду”.

Асаблівасці працы на ўсходзе і захадзе Беларусі

Кс. Алег Півавар, які яшчэ зусім нядаўна працаваў у парафіі Святога айца Піа ў Лёзне параўноўвае асаблівасці служэння ў розных кутках нашай краіны: “Усход – гэта праца з людзьмі, якія шукаюць Бога і веру. Там людзі, якія былі ахрышчаныя, але практычна мелі аддаленне ад касцёла, бо не мелі свайго храма. Як я быў на ўскрайку Беларусі, пры граніцы з Расіяй, то ў капліцу спачатку прыходзілі 15-20 чалавек. Пазней , калі пабудавалі касцельны будынак, каля 50 чалавек. І калі параўнаць з заходняй парафіяй – 500 чалавек — гэта вельмі вялікая розніца. Плюс традыцыя, якую ніхто не адніме ў людзей. І гэтую традыцыю яны падтрымліваюць.

500 год людзі тут мелі святыню, 500 год яны не аддалі, каб гэты храм зачынілі. Таму заходняя частка Беларусі мае каталіцкія карані і традыцыі, якія яшчэ шмат гадоў не будуць забытыя і знішчаныя. Тэндэнцыя працы тут у асноўным душпастырская, чым праца на ўсходзе, якая была больш будаўнічая.”

Падрыхтоўка да 500-годдзя…

Праз тры гады, у 2020 годзе парафія Святога Яна Хрысціцеля ў Ваўкалаце адзначыць сваё 500-годзе. Кс. Алег падзяліўся з “Каталіцкім Веснікам” планам падрыхтоўкі да вялікага юбілею, якая ўжо трывае.  Першым этапам стала перэгрынацыя фігуркі Маці Божай Фацімскай па нашай парафіі ў кожны дом. “Мы прыўрочылі гэты год падрыхтоўкі да 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў Маці Божай. Менавіта ў першы год Маці Божая наведвае нашыя сем’і. Другі год- будуць праведзены Святыя місіі. Трэці год – гэта будзе рэнавацыя (аднаўленне) місій, але і яшчэ нейкі момант падрыхтоўкі знойдзецца, але пакуль не запланавалі,” – адзначыў святар.

Марына Сінкевіч, тэкст і фота
Леанід Юрык, відэа

для друку для друку