- Каталіцкі Веснік - http://catholicnews.by -

Узяць удзел у рэкалекцыях, якія стануць заменай IV Ружанцовага кангрэсу ў Магілёве, запрашаюць усіх ахвотных

[1]Хоць у гэтым годзе было вырашана не праводзіць IV Ружанцовы кангрэс у Магілёве, адбудуцца адмысловыя рэкалекцыі, да ўдзелу ў якіх, каб духоўна ўзрастаць разам з Марыяй, запрашаюць усіх зацікаўленых айцы дамінікане.

У межах рэкалекцый запланавана пяць 15-хвілінных праграм на тэму малітвы Ружанца, якія будуць выходзіць на «Радыё Марыя».

Таксама, каб ушанаваць Каралеву Ружанца, арганізатары рэкалекцый заахвочваюць выканаць заданне, якое прапануе св. Людвік у «Трактаце аб сапраўдным ушанаванні Найсвяцейшай Панны Марыі».

Гэтую кнігу атрымалі ўсе ўдзельнікі Ружанцовага кангрэсу ў мінулым годзе. У ёй на старонцы 151 у нумарах 227–231 тлумачыцца, як удзельнічаць у 33-дзённых рэкалекцыях, каб на заканчэнне даверыць сваё жыццё Пану Езусу праз Марыю.

Як адзначаюць арганізатары, гэтую кнігу варта адкрыць для сябе і было б добра, калі б яе змест спадарожнічаў падчас гэтых 33 дзён, найлепш з самай раніцы. Перажыванне гэтага часу прапануецца лічыць сёлетнім Ружанцовым кангрэсам, плёны якога можна ахвяраваць за Беларусь.

«Няхай гэта будзе таксама наша ўзаемная малітва, за нас, якія арганізоўваюць гэтыя рэкалекцыі, і за нашу парафію, — адзначае а. Раман Шульц OP. — Як законнік я ўжо чарговы раз у сваім жыцці збіраюся ўзяць у іх удзел і спадзяюся на шчодрыя плёны для сябе і бліжніх, асабліва плён навяртання. Святы Ян Павел ІІ усё сваё жыццё жыў духам гэтых рэкалекцый і гэтага трактату».

Час на гэтыя духоўныя практыкаванні можна прызначыць у кастрычніку, які з’яўляецца месяцам, прысвечаным Маці Божай, але ёсць і прапанова ўдзельнічаць у іх з аўторка 8 верасня (можна далучыцца крыху пазней), калі ў Касцёле адзначаецца Нараджэнне Найсвяцейшай Панны Марыі.

У гэтым выпадку яны скончацца 10 кастрычніка, праз тры дні пасля ўспаміну Найсвяцейшай Панны Марыі Ружанцовай.

33 дні рэкалекцый сімвалізуюць 33 гады жыцця на зямлі Езуса Хрыста. На працягу 12 дзён удзельнікі моляцца і чытаюць тэксты, каб пазнаць дух гэтага свету, які варожы Духу Езуса. Яшчэ сем дзён яны просяць аб пазнанні саміх сябе, што з’яўляецца вялікай ласкай; наступныя сем дзён імкнуцца пазнаць Маці Езуса; апошнія сем дзён — самога Пана Езуса.

Можна выкарыстоўваць матэрыялы на рускай мове, якія штодзённа будуць высылацца на Viber: ROP або 33 дні рэкалекцыі. Можна будзе далучыцца да групы.

З пытаннямі звяртацца да а. Рамана Шульца:

электронны адрас: schulzop@gmail.com

тэлефон: +375 29 291 92 11

Чатыры пункты з «Трактату аб сапраўдным ушанаванні Найсвяцейшай Панны Марыі» пра тое, як удзельнічаць у гэтых рэкалекцыях, каб на заканчэнне даверыць сваё жыццё Езусу праз Марыю:

[227] Першае практыкаванне. Тым, што захочуць увайсці ў дух гэтага асаблівага набажэнства, якое не з’яўляецца брацтвам, хоць гэта і пажадана, пасля, як я ўжо казаў у першай частцы «Падрыхтоўкі да надыходу Валадарства Езуса Хрыста», дванаццаці дзён, выкарыстаных на тое, каб ачысціцца ад духу гэтага свету, супярэчнага духу Езуса Хрыста, трэба распачаць наступныя тры тыдні, каб напоўніцца Езусам Хрыстом праз Найсвяцейшую Дзеву. (12 дзён)

[228] На працягу першага тыдня (пасля 12 дзён) дзеля гэтага яны могуць, калі хтосьці жадае, разважаць над тым, што я сказаў пра наш сапсаваны ўнутраны свет, і гэтыя шэсць дзён глядзець на сябе як на смаўжоў, слімакоў, жаб, свіней, змеяў і казлоў. Або разважаць над словамі святога Бэрнарда: Cogita quid fueris, semen putridum; quid sis vas stercorum; quid futures sis, esca verminum («Чым я быў — сапсаваным насеннем, чым я ёсць — пасудзінай, поўнай бруду, чым я буду — спажывай чарвякоў»).

У гэты перыяд яны будуць прасіць наступнымі словамі нашага Пана і Духа Святога асвяціць іх: Domine, ut videam («Пане, зрабі, каб я ўбачыў»). Будуць штодзённа маліцца гімн Veni, Sancte Spiritus («Прыйдзі, Стварыцель Дух Святы») і Літанію да Духа Святога з малітвай з першай часткі гэтага твору. Кожны дзень яны будуць прыбягаць да Святой Дзевы і прасіць Яе аб вялікай ласцы, што павінна быць падставай для ўсіх іншых ласкаў. І таму кожны дзень яны будуць маліцца Ave maris Stella («Вітай, Зорка мора») і Літанію да Маці Божай. (7 дзён)

[229] На працягу другога тыдня яны будуць ахвяроўваць усе свае малітвы і штодзённыя добрыя справы, каб пазнаць Найсвяцейшую Дзеву. Яны будуць прасіць гэтага ў Духа Святога. Яны могуць чытаць і разважаць над тым, што пра гэта ўжо было сказана. Як і ў першы тыдзень, яны будуць маліцца ў гэтай інтэнцыі Літанію да Духа Святога і Ave maris Stella («Вітай, Зорка мора»), а таксама штодзённы Ружанец (можна адну частку). (7 дзён)

[230] На працягу трэцяга тыдня яны будуць імкнуцца пазнаць Езуса Хрыста. Яны могуць чытаць і разважаць над тым, што мы пра гэта ўжо сказалі, і маліцца малітвай святога Аўгустына, якая была змешчана на пачатку другога раздзела (Трактат №67). З гэтым святым яны могуць паўтараць сотні разоў на дзень: Noverim te («Пане, дапамажы мне пазнаць Цябе!») або Domine, ut videam («Пане, зрабі так, каб я ўбачыў, кім Ты ёсць!»). Як і раней, яны будуць маліцца Літанію да Духа Святога, Ave maris Stella («Вітай, Зорка мора») і дададуць Літанію да Імя Езуса. (7 дзён)

[231] Напрыканцы гэтых трох тыдняў (33-ці дзень) яны паспавядаюцца, прыступяць да святой Камуніі з інтэнцыяй аддаць сябе Езусу Хрысту ў якасці нявольніка праз рукі Марыі. Пасля Камуніі прачытаюць акт ахвяравання, які знойдуць ніжэй (№272). Трэба таксама напісаць яго на паперы, калі ён не надрукаваны, і падпісаць у той самы дзень.

Айцец Раман Шульц ОР, Catholic.by [2]