Увесь дзень побач з Богам: «Музычная майстэрня» вачыма ўдзельніцы

Ужо ў 17-ы раз Івянец збірае моладзь, каб разам праслаўляць Пана Бога сваімі музычнымі талентамі. «Музычная майстэрня» — гэта час яднання людзей з Езусам і паміж сабой.

Кожны ўдзельнік мае магчымасць штодня прысутнічаць на малітвах, рэпетыцыях хору, канферэнцыях, майстар-класах, дзяленні Евангеллем, а таксама збірацца на вечар праслаўлення.

Якая «Майстэрня» знутры?

Яна сумяшчае два бакі: першы — малітва, другі — музыка.

Любое дзеянне пачынаецца з малітвы. А ўдзельнікі «Майстэрні» яшчэ і ўвесь дзень побач з Богам, яны заўсёды спяваюць. А той, хто спявае, моліцца двойчы. Як кажуць на «Майстэрні»: «Ніхто ў свеце так не рыхтуецца да святой Імшы, як удзельнікі гэтых музычных заняткаў». Амаль уся першая палова дня накіравана на вывучэнне новых і паляпшэнне ўжо знаёмых спеваў. Таму на Літургіі адчуваецца поўная адданасць Богу.

Усё ж «Майстэрня» менавіта «музычная». Вялікая колькасць часу прысвечана развіццю сваіх талентаў. Кожны можа праявіць сябе падчас майстар-класаў. У гэтым годзе «Майстэрня» запрашае наведваць заняткі па ігры на гітары, барабанах, фартэпіяна (як класічнаму, так і джазаваму), скрыпках; заняткі тэатральнага ўмення, а таксама вучыць праслаўляць Бога спевамі. Цікава назіраць, як загараюцца вочы моладзі, калі атрымліваецца навучыцца нечаму новаму.

Вечары праслаўлення — не проста канцэрты, а сапраўдная малітва праз спевы і танцы. У гэтыя моманты заўсёды адчуваецца спакой на душы, лучнасць з Богам, асалода і дух супольнасці. Праслаўленне адкрывае сэрцы, Пан дакранаецца да кожнага і чыніць цуды. Калі апынуўся на такім вечары аднойчы, застаецца жаданне вяртацца зноў і зноў.

Калі вы хочаце перажыць такую атмасферу, у вас ёсць цудоўны шанц:

у гэтую суботу, 27 ліпеня, у 21.00 падчас малітоўнай сустрэчы моладзі ў Івянцы ўдзельнікі «Майстэрні» прадэманструюць усё, чаму яны навучыліся за гэты тыдзень.

Запрашаем маліцца разам і адкрываць свае сэрцы на Божую ласку!

Ульяна Ермачонак
Catholic.by

для друку для друку