Уцякаючы ад вайны: мінскі “Карытас” даў прытулак бежанцам з Украіны

Каталіцкі Касцёл, натхнёны словам і прыкладам Папы Францішка, усё больш звяртае ўвагу на людзей, якім патрэбная пільная дапамога. Арганізаваная праца вядзецца праз прадстаўніцтвы каталіцкай дабрачыннай арганізацыі “Карытас”. “Карытас” у Бараўлянах дапамагае анкалагічна хворым дзецям. Пра гэтую працу чыйтаце ў рэпартажы “Каталіцкага Весніка”.

Пад’язджаючы да будынкаў арганізацыі, заўважаем, што вуліца ў вёсцы Ляскоўка носіць назву “Карытас”. Не выклікае сумневу, што мы на месцы.

Дапамога тым, хто ў патрэбе

Нас, журналістаў з Віцебшчыны, сустракае намесніца дырэктара “Карытас” Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Вольга Лабуць. Яна ветліва запрашае прайсці ў гасцёўню, каб абмеркаваць падрабязнасці рэпартажу. Зразумела, што тэма далікатная. Наперадзе ў нас сустрэча з цяжкахворымі дзеткамі і іх бацькамі.

На маё пытанне, чым жа канкрэтна дапамагае мінскі “Карытас” хворым дзецям, Вольга адказвае: “Мы, канешне ж, не лечым дзяцей. Гэтым займаюцца лекары ў Дзіцячым анкалагічным цэнтры ў Бараўлянах. Аднак дапамога наша істотная. Мы даём дзеткам і іх бацькам магчымасць жыць у будынках “Карытас” падчас лячэння. Уявіце сабе, што хтосьці мае патрэбу ў лячэнні ў Бараўлянах, а пражывае дзесьці ў Гродне ці іншым аддаленым месцы”.

– Як гэта выглядае на практыцы?

– У лячэбным цэнтры даюць інфармацыю пра нас тым, хто мае патрэбу, і накіроўваюць іх сюды. Мы даём месца для пражывання, але харчуюцца сем’і за свой кошт. Днём дзетак адвозяць на працэдуры, а пасля яны зноў вяртаюцца ў Ляскоўку. Тут для іх створаны добрыя ўмовы. Калі ласка, хадзем – і ўсё пабачыце самі.

Пачынаецца наша экскурсія, і мы ідзём у наступны будынак, дзе непасрэдна пражываюць хворыя дзеткі і іх апекуны. Нас суправаджае супрацоўніца “Карытас” Наталля Александровіч, якая непасрэдна курыруе праект з анкалагічна хворымі дзеткамі. Наталля распавядае: “Мы са свайго боку штомесяц рыхтуем для дзяцей святочныя мерапрыемствы з нагоды 1 верасня, Дня маці, Калядаў, Пасхі і г.д… Шчыльна супрацоўнічаем са студэнтамі-добраахвотнікамі з дзяржаўнага інстытута кіравання і сацыяльных тэхналогій пры БДУ. Дырэктар арганізацыі кс. Аляксандр Фаміных кожную сераду адпраўляе св. Імшу ў капліцы, на якую часта прыходзяць і нашыя пастаяльцы”.

Лагодная ўсмешка і смяротная хвароба

Заходзім у першы будынак, дзе нас чакае сустрэча з Вольгай Савянок – мамай маленькай Насці. Аглядаюся вакол. Заўважаю, што абстаноўка вельмі ўтульная. У гасцявым пакоі стаіць тэлевізар, ёсць дзіцячыя цацкі. Пакуль чакаем госцю, Наталля працягвае распавядаць: “Цэнтр разлічаны на 19 сем’яў. На дадзены момант у нас прабывае 10 сем’яў. Кожная сям’я мае свой асобны санблок, а таксама агульную на тры-чатыры сям’і кухню і залу для адпачынку з тэлевізарам. Самі разумееце, што такія ўмовы для людзей, што апынуліся ў складанай сітуацыі, вельмі важныя”.

Уваходзіць Вольга – маладая дзяўчына з лагоднай усмешкай. Па яе абліччы не скажаш, што чалавек змагаецца са смяротнай хваробай свайго дзіцяці.

“Мы самі з Мазыра. Умовы для пражывання, якія мы тут маем, нас вельмі задавальняюць, – кажа Вольга. – Уявіце сабе, мы ўжо лечымся два з паловай гады. І гэта пастаяннае прабыванне ў шпіталі. Дзіця пасля трансплантацыі. Імунітэт аслаблены, таму ў “Карытас” якраз тое, што трэба. Цудоўная прырода, блізка лес і цішыня”.

Гледзячы на Вольгу, не магу ўстрымацца ад пытання: “Як Вам удаецца не зламацца ў гэтай барацьбе з хваробай?”

“На пачатку было вельмі складана, але потым я ўжо і прывыкла, і Насця хоць і маленькая – ёй амаль чатыры гады, – але ўжо разумее, што яна хворая. Муж вельмі падтрымлівае, прыязджае на выхадныя, калі ў яго ёсць вольны час. Мне вельмі падабаецца, што тут адпраўляецца св. Імша. Гэта такая моцная духоўная падтрымка. Я сама праваслаўная, але для мяне няма ніякай розніцы, што службу вядзе каталіцкі святар. Хачу выказаць глыбокую ўдзячнасць нашым гасцінным сябрам з “Карытас”.

Падвойная бяда ў адной сям’і

Развітаўшыся з Вольгай, накіроўваемся разам з Наталляй у наступны будынак, дзе пражывае сям’я з Украіны. Гэтых людзей спаткала падвойная бяда: анкалагічнае захворванне маленькага Кірыла і вайна на Данбасе.

Нас сустракае Ірына, праз некалькі хвілін прыходзіць Аляксандр у камуфляжнай форме. Сваё адзенне тлумачыць месцам працы: “Я сам грамадзянін Беларусі, хоць і пражываў ва Украіне. Цяпер вось знайшоў працу ў ваенкамаце”.

Ірына расказвае: “Дзённы стацыянар у Бараўлянах даў накіраванне нам сюды пажыць. І нам тут спадабалася. Ужо з 2012 года ездзім на лячэнне сюды, у Беларусь. Гэта магчыма яшчэ і таму, што Кірыл мае таксама беларускі пашпарт. Тут вельмі добразычлівыя людзі. Гэтым разам прыехалі на лячэнне, а вяртацца ўжо няма куды”.

“Вы выехалі на лячэнне перад ваенным канфліктам?” – удакладняю. “Канфлікт ужо быў у Славянску, але мы мелі магчымасць выехаць 19 чэрвеня”, – адказвае Аляксандр. Працягвае Ірына: “А 29 ліпеня, калі ўжо былі ў Беларусі, стала вядома, што нам разбамбілі кватэру. Снарад трапіў у столь. Там цяпер агромністая дзірка. А маёмасць раскралі марадзёры. У хаце нічога няма. Ведаю гэта, таму што там заставаўся наш старэйшы сын. Я так за яго хвалявалася! Дзякуй Богу, што тады яго не было дома! На шчасце, цяпер ён у Беларусі і яму нічога не пагражае. І мы такія шчаслівыя, што можам пакуль пажыць тут, у “Карытас”. Ксёндз Аляксандр Фамяных такі спагадлівы! Ён так шмат нам дапамог! Да нас такія адносіны ў людзей, што мы адчуваем сябе як дома”.

Хто вінаваты ў вайне?

Аляксандр ідзе ў дзіцячы пакой і вяртаецца з Кірылам. Хлопчыку на выгляд каля чатырох гадоў. Я не магу ўстрымацца і задаю пытанне, якое вярэдзіць сэрцы многіх беларусаў: “Скажыце, калі ласка, на ваш погляд, дзе ж усё-такі праўда ва Украіне? Хто вінаваты, што разгарэўся ваенны канфлікт на Данбасе?”

“Як вам сказаць? – задуменна адказвае Аляксандр. – На маю думку, вінаватыя нацыяналісты і вінаваты ўрад. Улада, якая была да Майдана і пасля Майдана, вінаватая ў тым, што ва Украіне ідзе вайна. У нас няма парадку”. “А якая павінна быць будучыня Данбаса?” – пытаюся. “Хто яго ведае? – кажа Аляксандр. Падобна да таго, што ёсць зацікаўленыя людзі, якім патрэбная гэта вайна, як з аднаго боку, так і з іншага. На жаль… Я сам ваенны чалавек і ваяваў у Афганістане. На мой погляд, тактыка зацяжнога канфлікту выгадная як “дэнээраўцам”, так і сённяшняму ўкраінскаму ўраду”.

Час хутка бяжыць, і я кажу, што мы павінны ўжо вяртацца дамоў, але Аляксандр і яго жонка не хочуць і чуць пра адыход. Сядаем за стол і разам п’ём гарбату, пакінуўшы ваенную тэматыку.

На развітанне жадаем добрага здароўя Кірылу, а Ірыне і Аляксандру – сустрэць яшчэ больш добрых людзей на беларускай зямлі. Калі хтосьці з нашых чытачоў захоча дапамагчы ўцекачам і іншым сем’ям, што пражываюць у мінскім “Карытас”, то можа перавесці ахвяраванне на рахунак гэтай дабрачыннай арганізацыі.

Кс. Віктар Місевіч, тэкст
Ірына Грэйць, фота

 

 

Для ахвяраванняў:
УНП 101131305, ОКПО 37416965
р/р 3135000000021 (бел.руб.)
Ф-л 510 ОАО «АСБ Беларусбанк» код 153001603.
Адрас банка: Куйбышава, 18

Адрас “Карытас”:
220058, Мінскі р-н,
в. Ляскоўка, вул. Карытас, 1
Т/факс: + 375 (017) 265 18 78
e-mail: caritas@caritas-minsk.by

 

для друку для друку