Усе набажэнствы святога Пасхальнага трыдууму пакажуць па тэлебачанні

У сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй сёлета плануецца прамая трансляцыя па тэлебачанні не толькі святой Імшы Пасхальнай вігіліі, але таксама святой Імшы Вячэры Пана ў Вялікі чацвер і набажэнства Вялікай пятніцы, паведамляе catholic.by.

У спецыяльным Паведамленні Пастаяннай рады Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі дыяцэзіяльным біскупам, згодна з нормамі кананічнага права Каталіцкага Касцёла, было рэкамендавана ўдзяліць дыспенсу ад абавязку ўдзелу ў нядзельнай і святочнай Імшы вернікам старэйшага ўзросту, асобам з сімптомамі хваробы, дзецям і школьнай моладзі, а таксама асобам, якія імі апякуюцца, і ўсім, хто адчувае страх заражэння.

Адпаведныя распараджэнні з дыспенсай ад абавязку ўдзелу ў святой Імшы ў нядзелі і абавязковыя ўрачыстасці былі дадзены біскупамі ва ўсіх дыяцэзіях Беларусі, акрамя Пінскай.

З мэтаю падтрымання духоўнага жыцця ў складаных умовах, у адпаведнасці з рэкамендацыямі Пастаяннай рады беларускага епіскапату былі арганізаваныя рэгулярныя відэатрансляцыі набажэнстваў на партале Catholic.by, на іншых рэсурсах, а таксама радыётрансляцыі на «Радыё Марыя». Разам з тым біскупы заахвоцілі вернікаў пры немагчымасці ўдзелу ў святой Імшы маліцца дома і прымаць духоўную святую Камунію, якой быў прысвечаны спецыяльны матэрыял партала catholic.by.

У святы Пасхальны трыдуум збаўчай мукі, смерці і ўваскрасення нашага Пана Езуса Хрыста духоўна перажыць літургічныя цэлебрацыі можна будзе таксама з дапамогаю іх прамой трансляцыі, якую Бетэлерадыёкампанія тры дні запар будзе весці з Мінскага катэдральнага касцёла Найсвяцейшага Імя Марыі.

Па тэлебачанні:

9 красавіка, Вялікі чацвер
• 19.00 — святая Імша Вячэры Пана (Мінск). Тэлеканал «Беларусь 3»

10 красавіка, Вялікая пятніца
• 19.00 — набажэнства адарацыі Святога Крыжа (Мінск). Тэлеканал «Беларусь 3»

11 красавіка, Вялікая субота

• 21.00 — Пасхальная вігілія ў святую ноч Уваскрасення Пана (Паставы). Тэлеканал «Беларусь 4 Віцебск» альбо праз наш сайт catholicnews.by
• 21.45 — Пасхальная вігілія ў святую ноч Уваскрасення Пана (Мінск). Тэлеканал «Беларусь 1»

У Мінску ўсе цэлебрацыі ўзначаліць Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, а ў Паставах — біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

для друку для друку