Ураган пашкодзіў крыжы на старадаўніх храмах у Гродна

hramМоцная навальніца, якая прыйшла з боку Польшчы і абрынулася на заходнюю Беларусь вечарам у пятніцу, нашкодзіла не толькі дрэвам і машынам, але і сарвала дахі на многіх будынках, а таксама прынесла бяды старадаўнім храмам у Гродне.

Як пішуць у сацсетках жыхары абласнога цэнтра, ураган пашкодзіў крыжы на лютэранскай кірсе і каталіцкім Бернардынскім касцёле. Прычым, адрамантаваць нахілены крыж на каталіцкім храме будзе складана, паколькі нават у МНС няма спецыяльнай тэхнікі, якая магла б падняць спецыялістаў да самай высокай кропкі святыні. Нагадаем, Бернардынскі касцёл (Узвышэння Святога Крыжа) з’яўляецца найстарэйшым дзеючым каталіцкім храмам у Гродне і адным з найстарэйшых у заходняй Беларусі, ён быў асвячоны 13 траўня 1618 года.

— Пасля навальніцы ратавальнікі прыехалі, агледзелі вежу касцёла і ачапілі яе, — пішуць у сацсетках відавочцы. — Крыж моцна нахіліла, але казалі, што ўпасці ён не павінен. Складана будзе зноўку умацоўваць крыж, прыйдзецца ставіць лясы.

Паводле аператыўных звестак МНС, з прычыны парываў ветру да 26 м/с 17 чэрвеня пацярпелі Брэст, Гродна, Мінск і 38 населеных пунктаў у 28 раёнах Брэсцкай, Гродзенскай, Мінскай і Віцебскай абласцей. Пашкоджаны дахі 100 жылых дамоў, 3 аб’ектаў сацкультбыту, аднаго вытворчага і 71 сельскагаспадарчага будынка. Зафіксаваныя 184 выпадкі падзення дрэваў, з іх больш за ўсё ў Гродне — 126.

katolik-gomel.by

для друку для друку