Ураджэнец Браслава прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне ў Польшчы

26 мая ў базыліцы Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса ў Тшэбіні (Польшча) адбылося святарскае пасвячэнне пяці дыяканаў з ордэну сальватарыянаў. Сярод іх быў і браслаўчанін Яўген Жукоўскі. На гэтую ўрачыстую святую Імшу прыбыў пробашч Браслаўскай парафіі кс. Станіслаў Мжыглуд SDS, а таксама бацькі, родныя і знаёмыя новапрэзбітэра.

Святую Імшу ўзначаліў дапаможны біскуп Катавіцкай архідыяцэзіі Адам Вадарчык, які ўдзяліў дыяканам сакрамант святарства. А сёлета сярод іх былі прадстаўнікі з Польшчы (2 святары), Чэхіі, Гандураса і Беларусі.

Да гэтай падзеі будучыя святары рыхтаваліся не толькі падчас навучання ў семінарыі, але і праз удзел у рэкалекцыях, апошнія з якіх адбыліся напярэдадні святарскага пасвячэння ‒ з 20 па 25 мая. Гэты час стаў для іх часам асаблівага роздуму над сваім пакліканнем і прыватнай сустрэчай з Богам перад прыняццем важнага рашэння.

А ў нядзелю, 27 мая, у парафіі Святога Юды Тадэвуша і св. Антонія Падуанскага ў Абарніках Слёнскіх адбылася прыміцыйная святая Імша ксяндза Яўгена. Менавіта ў гэтай супольнасці ён праходзіў практыку.

У Браславе прыміцыйная Імша ксяндза Яўгена Жукоўскага SDS адбудзецца ў нядзелю, 24 чэрвеня, у 11 гадзін.

Паводле waladarka.by

для друку для друку