Урачыстасць святых Яўхіма і Ганны адсвяткавалі ў Лаздунах

26 ліпеня ў парафіі св. Сымона і Юды Тадэвуша ў Лаздунах святкавалі ўрачыстасць св. Яўхіма і св. Ганны. Абраз св. Ганны знаходзіцца ў Лаздунскім касцёле і ўшаноўваецца вернікамі. Госцем гэтай урачыстасці быў ксёндз-місіянер Анджэй Ганчар. Невыпадкова ксёндз-пробашч Анджэй Бурак запрасіў менавіта яго, таму што абодва святары знаюць адзін аднаго даўно і паходзяць з Парафіі Узвышэння Святога Крыжа Ліда-Фара.

Святочная Імша распачалася апоўдні. На пачатку ксёндз-пробашч цёпла і сардэчна прывітаў перш за ўсё святара, а пасля ўсіх прысутных, якія прыбылі каб падзяліць з парафіянамі радасць святкавання і каб ушанаваць Святых Патронаў гэтага дня. Ксёндз Анджэй зазначыў, што той, хто жыве ў другой мясцовасці і сёння прыехаў у сваю родную парафію, не з’яўляецца госцем. Дзверы роднага касцёла заўсёды адкрыты для кожнага.

Святая Імша цэлебравалася ў некалькіх інтэнцыях: ксёндз-місіянер маліўся ў інтэнцыіі ўсёй Лаздунскай парафіі. А ксёндз-пробашч маліўся аб хутчэйшым спыненні страшнай эпідэміі каронавіруса па ўсім свеце, за ўсю службу аховы здароўя, за дабрадзеяў, усіх людзей добрай волі і імяніннікаў сённяшнага дня.

На пачатку гаміліі ксёндз-місіянер запытаўся ў прысутных: “Кім з’яўляецца св. Ганна?” Вядома, што адказ не заставіў доўга чакаць, і вернікі адказалі, што св. Ганна – маці Найсвяцейшай Марыі Панны. Асноўная частка казання была прысвечана маме, бо гэта самы дарагі чалавек, да якога можна звярнуцца ў любую хвіліну нашага жыцця. Усіх прысутных ксёндз Анджэй заахвоціў шанаваць нашых бацькоў, бабуль і дзядуль і ахінуць іх сваёй малітвай. Таксама ксёндз-місіянер распавядаў пра сваю паслугу на місіях у Казахстане і Камеруне. Расказваў розныя цікавосткі з жыцця ў гэтых краінах.

Калі Пан Бог дазволіць, то напрыканцы верасня бягучага года, ксёндз Анджэй працягне сваю місіянерскую паслугу. На гэты раз ён паедзе ў Цэнтральную Афрыканскую Рэспубліку. Напрыканцы імшы ксёндз Анджэй Ганчар падзякаваў за запрашэнне і сказаў, што Лаздункая парафія назаўсёды застанецца ў яго сэрцы. А таксама прасіў аб малітве, каб яго місіянерская паслуга прынесла добры плён.

Святая Імша завяршылася перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам малітвай літаніяй да Маці Божай, актам штодзённага аддання св. Юду Тадэвушу, а таксама вернікі заспявалі суплікацыю “Святы Божа”. Пасля благаслаўлення Найсвяцейшым Сакрамэнтам былі асвечаны ўсе механічныя сродкі руху, пачынаючы ад монакалёс, гіраскутараў, веласіпедаў і г.д. Падчас асвячэння ксёндз-пробашч знайшоў хвілінку, каб з кожным уладальнікам сродкаў руху замовіць слова. Ад узрушанасці і неспадзяванасці твары людзей засвяціліся ўсмешкамі, а калі ў кагосьці з найбольш сэнтыментальных з’явіліся на вачах слёзы, то гэта былі слёзы радасці. Усе ўдзельнікі ўрачыстасці падмацаваныя Божым словам, поўныя радасці і бадзёрасці, вярталіся да дому, каб распаўсюджваць дабро, якое паходзіць ад Бога, ва ўсіх сферах свайго жыцця.

Св. Яўхім і Ганна – маліцеся за нас!

 Тэкст – кс. Анджэй Бурак, Фота – Уладзімір Юруш

для друку для друку