Урачыстасць святога Антонія адзначылі ў Параф’янаве Докшыцкага дэканату

Гэты святы з’яўляецца патронам парафіі Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Параф’янаве.

Святкаванне адбылося ў сераду 13 чэрвеня, калі Касцёл адзначае ўспамін гэтага святога.

На фэсце прысутнічалі ксёндз Алег Мурзіч з Канстанцінава Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, які з’яўляецца братам пробашча ў Параф’янаве Рамана Мурзіча, і айцец Анджэй Юхневіч OMI з Шуміліна, які два дні праводзіў рэкалекцыі ў Параф’янаве.

Святую Імшу ўзначаліў ксёндз Алег Мурзіч.  На пачатку ўрачыстасці ён узгадаў жыццё святога Антонія. Гэты чалавек не шукаў святыя месцы, бо сам быў гэтым святым месцам. Ён пражыў кароткае жыццё, усяго толькі 36 гадоў, але ягонае жыццё было сапраўднай пілігрымкай да Божага Валадарства. “Таму няхай сённяшняя ўрачыстасць узмацняе нашу веру і святы Антоній нам у гэтым дапамагае,” – заклікаў ксёндз Алег.

 

Са словам да вернікаў звярнуўся айцец Анджэй Юхневіч. Ён засяродзіўся на выказванні святога Антонія: “Толькі душа, якая моліцца, можа развівацца духоўна”. Малітва – гэта размова душы з Богам. І вельмі часта ў жыцці нам  не стае на яе часу. Мы адкладаем гэта на старасць, маўляў, тады будзем маліцца, бо будзем мець больш вольнага часу. Але і тады нам нешта ўвесь час перашкаджае. А гэта ўсё на руку злому духу. Таму ад нас залежыць: ці ўзрастаць духоўна, ці заставацца духоўнымі карлікамі.

“Хрыстус, які ёсць тваім жыццём, стаіць перад табой, каб ты паглядзеў у крыж, як у люстэрка,” – падкрэсліў святар. Ён узгадаў словы Папы Бенедыкта XVI, што мы вельмі важныя для Бога. Бог нас вельмі любіць, таму прыкрывае нас сабой. Ва ўсім Касцёле няма ні адной асобы, якая была б няважнай для Бога.

Наша мова плённая толькі тады, — адзначыў далей айцец Анджэй, — калі прамаўляем чынна. Таму няхай лепш замоўкнуць словы, а гавораць нашы ўчынкі. Калі мы будзем вучыць нашых блізкіх, нашых дзяцей рабіць добрыя ўчынкі, а самі не будзем для іх прыкладам, то словы нашы не дойдуць да іх сэрцаў. Таму ў першую чаргу трэба паступаць так, каб быць прыкладам для іншых.

Мы часта молімся да святога Антонія, калі губляем нейкія рэчы. Але ў першую чаргу трэба маліцца, каб знайсці духоўны скарб. І хай у гэтым нам дапаможа святы Антоній, — такімі словамі скончыў казанне святар.

На заканчэнні богаслужэння адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакраманту, вернікі памаліліся Літаніяй да святога Антонія, а таксама прачыталі малітву аб пакліканнях.

Потым адбылася працэсія вакол касцёла, пасля якой вернікі атрымалі блаславенне Найсвяцейшым Сакрамантам.

Зміцер Лупач, тэкст і фота

Леанід Юрык, фота

для друку для друку