Урачыстасць Першай Святой Камуніі адбылася ў Варнянах

У парафіi св. Юрыя ў Варнянах (Астравецкі дэканат) адбылася ўрачыстасць Першай Святой Камуніі. У гэтым годзе да эўхарыстычнага стала ўпершыню прыступілі 16 дзяцей.

Днём раней дзеці з хваляваннем таксама ў першы раз укленчылі перад канфесіяналам, каб спазнаць Божую міласэрнасць у сакрамэнце пакаяння і паяднання.

Першая Камунія – падзея, да якой дзеці сумленна рыхтаваліся на працягу апошніх гадоў, таму, поўныя эмоцый, яны чакалі прыняцця Пана Езуса ў сваё сэрца.

Урачыстую Імшу ўзначаліў пробашч парафіі кс. Віктар Захарэўскі. У гаміліі святар заахвоціў дзяцей часта прымаць Езуса ў святой Камуніі, якая з’яўляецца пасілкам на жыццё вечнае. Звяртаючы каштоўныя парады да бацькоў, святар заклікаў іх клапаціцца праз хрысціянскі прыклад жыцця і добрае слова пра дасягненне неба для сваіх дзяцей, якіх яны вельмі любяць.

 

На заканчэнне дзеці падзякавалі катэхетцы і пробашчу за падрыхтоўку іх да Першай Камуніі. Словы ўдзячнасці яны выказалі таксама сваім бацькам, якія, будучы першымі настаўнікамі веры, дапамагалі ім паглыбляць кантакт з Богам праз асабістую малітву і ўласны прыклад хрысціянскага жыцця.

Кс. Юрый Марціновіч, grodnensis.by
Віталій Спірыдон, фота

для друку для друку